У асноўнай конкурснай праграме 24 фільмы.
Першым фільмам, які пакажуць гасьцям фэстывалю, будзе праца францускага рэжысэра Лео Каракса «Анэт» — пра стэндап-коміка, жонка якога, опэрная сьпявачка, памірае. У героя застаецца двухгадовая дачка зь незвычайным дарам. Гэта адзін з найбольш чаканых эўрапейскіх кінапраектаў.
Сярод фаварытаў фэстывалю таксама:
- Фільм галяндца Пола Вэрховэна «Беззаганная панна». Гэта экранізацыя дакумэнтальнага бэстсэлера Джудыт К. Браўн «Нясьціплыя ўчынкі. Жыцьцё манахіні-лесьбіянкі ў Італіі эпохі Адраджэньня» (1986). Жанр фільма характарызуюць як эратычны трылер.
- Карціна рэжысэра з Тайлянду Апічатпонга Вірасэтакуна «Мэморыя». Гэты фільм здымаўся ў Калюмбіі і, паводле самога рэжысэры, «дасьледуе каляніяльную гісторыю і тое, як калектыўная памяць можа прывесьці да страху».
- фільм расейскага рэжысэра Кірыла Сярэбранікава «Пятровы ў грыпе» расказвае пра гісторыю сям’і, і без таго заблытанае жыцьцё якой перавярнула хвароба.
- сярод прэтэндэнтаў на «Залатую пальмавую галінку» таксама «Францускі весьнік» амэрыканца Ўэса Андэрсана, карціны з ЗША Шона Пэна «Дзень сьцяга» і Шона Бэйкера «Чырвоная ракета»; «Герой» Асгара Фархадзі, фільмы Франсуа Азона, Нані Марэці і іншых вядомых майстроў.
Украінскі рэжысэр беларускага паходжаньня Сяргей Лазьніца ў рамках «адмысловага паказу» прадставіць стужку «Бабін Яр. Кантэкст». Гэта мантажная карціна, зьлепленая з фрагмэнтаў кронікі трагедыі Другой сусьветнай вайны. Вядома, што Лазьніца шмат гадоў працуе над праектам гульнявой карціны пра Бабін Яр, які таксама быў замарожаны з прычыны каранавірусу. Фільм Лазьніцы «У тумане» паводле аповесьці Васіля Быкава ўдзельнічаў у Канскім фэстывалі ў 2012 годзе і атрымаў адмысловы прыз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякай „беларускай мірнай рэвалюцыі“ пакуль што няма», — рэжысэр Сяргей Лазьніца- З прычыны пандэміі падчас фэстывалю будуць дзейнічаць захады бясьпекі: госьці мусяць трымаць сацыяльную дыстанцыю і заўсёды насіць мэдычныя маскі.
- Міжнародны Канскі кінафэстываль праходзіць штогод ад 1946 у Палацы фэстываляў і кангрэсаў на набярэжнай Круазэт.
- У 2020 годзе 73-і фэст не адбыўся праз пандэмію. Фільмы паказалі на восеньскіх кінафэстывалях у Таронта, Сан-Себасьцьяне, Ангулема, Вэнэцыі, Нью-Ёрку, Давіле, Пусане і Ліёне.