Заявы Лукашэнкі цытуе БелТА:
«Сёньня абмяркуем пытаньні рэагаваньня на абмежавальныя меры калектыўнага Захаду ў дачыненьні да нашай краіны. Мы павінны выпрацаваць стратэгію, якая дазволіць мінімізаваць іх эфэкт і працягнуць сваё разьвіцьцё. Я ўжо казаў: ніякіх размоў пра тое, што мы можам недзе недабраць, скараціць тэмпы, прырост нашай эканомікі. Пра гэта гаворкі быць ня можа. Ідзе вайна», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
«Разьлічваю пачуць прапановы Міністэрства замежных спраў аб тым, як будзем выстройваць адносіны з краінамі, якія сёньня на ўсю моц носяцца з заклікамі даціскаць Беларусь. МЗС трэба больш актыўна рэагаваць на любыя недружалюбныя праявы ў дачыненьні да Беларусі. Якія меры ў адказ плянуюцца ў выпадку далейшага закручваньня санкцыйнай сьпіралі?», — спытаў Лукашэнка ў міністра замежных спраў Уладзімера Макея.
Лукашэнка заклікаў урад, каб не пацярпеў беларускі народ, каб былі захады дзеля кампэнсацыі страт і захаваньня працоўных месцаў, абароны айчынных прадпрыемстваў, імпартазамяшчэньня і стымуляваньня ўнутранага попыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патэнцыйны эфэкт ад санкцыяў можа скласьці да 7% падзеньня ВУП», — эканаміст
Лукашэнка заявіў, што «за санкцыямі стаяць канкрэтныя карпарацыі, якія фінансуюць палітычныя інтарэсы шэрагу заходніх дзеячаў».
Рада Эўразьвязу ўвяла сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць санкцыі ЭЗ і ЗША стаць трыгерам для перамены расейскай палітыкі адносна Беларусі?Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель: ЭЗ не аслабіць ціск на ўлады Беларусі да зьмены сытуацыі ўнутры краіны
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца:
- санкцыі, уведзеныя ЭЗ у 2012 годзе;
- асуджэньне Эўразьвязам у траўні 2021 году прымусовай пасадкі рэйсу Ryanair у Менску, пагрозы авіяцыйнай бясьпецы і затрыманьня ўладамі Беларусі журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі;
- эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
У сувязі з гэтым уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».