«Дадзена даручэньне знайсьці рашэньні, каб працэдура скарацілася максымальна, наколькі гэта магчыма, гэта значыць, каб просьбы разглядаліся на працягу дзесяці дзён», — сказала Білатайце журналістам.
Цяпер такія заявы разглядаюцца на працягу 30 дзён. Нелегальна перайшоўшы мяжу зь Беларусі, мігранты просяць даць ім у Літве прытулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 24 гадзіны яшчэ 134 уцекачы. На літоўскай мяжы зноў затрымалі мігрантаўПаводле Білатайце, разгляд просьбаў аб прытулку зацягваецца, бо ў затрыманых на мяжы мігрантаў няма дакумэнтаў, яны сьвядома не даюць інфармацыю пра краіну паходжаньня. Білатайце адзначыла, што ў пытаньні аптымізацыі працэсу Літва праводзіць кансультацыі з службовымі асобамі Грэцыі, у якіх ёсьць досьвед разгляду просьбаў аб прытулку, калі пяць-шэсць гадоў таму ў гэтай краіне пачаўся крызіс з уцекачамі.
«Ёсьць такія думкі і доказы, што такія цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў, як у нас, ёсьць і ў Беларусі, і гэтых людзей з такіх цэнтраў проста спэцыяльна перамяшчаюць у Літву. У нас таксама ёсьць інфармацыя пра студэнтаў, верагодна, тых, хто навучаўся ў Беларусі, іх, мабыць, таксама з ужываньнем пэўных сродкаў перамяшчаюць у Літву. Гэта наўмысныя, добра арганізаваныя дзеяньні супраць Літвы», — дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Эўрапарлямэнту прапануе выставіць Беларусі рахунак за мігрантаў празь міжнародны судБілатайце таксама сказала, што новы намётавы гарадок для мігрантаў зьявіцца менш як праз тыдзень. Яна не паведаміла, дзе яго разьмесьцяць, адзначыўшы ў зьвязку з гэтым, што «нашы суседзі зь недружалюбнай краіны слухаюць і на падставе гэтага, магчыма, таксама выпрацоўваюць сваю стратэгію».
На мяжы Беларусі і Літвы працягваецца міграцыйны крызіс. Колькасьць мігрантаў, затрыманых літоўцамі сёлета пасьля парушэньня мяжы зь беларускага боку, перавысіла 1200 чалавек. Літва абвінавачвае беларускія ўлады ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз.