Генэральная пракуратура Беларусі сёлета ў траўні завяла крымінальныя справы на сьпявачку Анжаліку Агурбаш за «распальваньне варожасьці» і «абразу Лукашэнкі». Сёньня стала вядома, што Генпракуратура накіравала ў Расею запыт на выдачу сьпявачкі.
Расейскі сайт NEWS.ru апублікаваў тэкст нібыта звароту заслужанай артысткі Беларусі Анжалікі Агурбаш, якая цяпер жыве ў Расеі, да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Уладзімір Уладзіміравіч, трэба спыніць тую ступень тэрору і агрэсіі, якая цяпер адбываецца ў дачыненьні да беларускага народу. Я не за сябе, я за беларускі народ прашу вас дапамагчы спыніць гэтае беззаконьне», — гаворыцца ў гэтай заяве.
Аднак сама Анжаліка Агурбаш паведаміла Радыё Свабода, што не рабіла такога звароту да Пуціна. Яна дадала, што калі й будзе зьвяртацца па дапамогу, дык да беларускага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі накіравала ў Расею запыт выдаць сьпявачку АгурбашАнжаліцы Агурбаш у Беларусі пагражае да 12 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньняў у «распальваньні варожасьці» і «абразе Лукашэнкі». Генпракуратура Беларусі цьвердзіць, што сьпявачка разам зь нявызначанымі асобамі нібыта апублікавала ў інтэрнэце абразу Лукашэнкі разам з абвінавачаньнем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах.
Хто такая Анжаліка Агурбаш
- Анжаліка Агубаш нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». На пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская.
- Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы».
- Удзельніца Эўравізіі ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве.
- Агурбаш падтрымала беларускія пратэсты, сама брала актыўны ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве, рэзка выказвалася пра рэжым Лукашэнкі.
- Нядаўна Анжаліка Агурбаш заклікала сфармаваць ініцыятыўную групу для правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі.