У Горадні пасьля дажджу абрынулася новая дарога, Каранік патлумачыў чаму

Новая дарога ў мікрараёне Вішнявец у Горадні абрынулася пасьля залевы, 4 ліпеня 2021 году, фота Newgrodno

У Горадні фрагмэнт новай дарогі, якую пабудавалі на месцы старога чыгуначнага моста, абрынуўся пасьля моцнай залевы 4 ліпеня. Сярод прычынаў абвалу старшыня горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік назваў тое, што дарога новая, перадае Hrodna.life.

На аўтамабільнай разьвязцы ў мікрараёне Вішнявец ужо пачалі аднаўляць дарожнае палатно. Яе плянуюць адрамантаваць за 7−10 дзён.

Старшыня горадзенскага аблвыканаму Ўладзімер Каранік патлумачыў тэлеканалу «ГроднаПлюс» абвал дарогі некалькімі фактарамі.

«Гэта новая дарога, таму адкосы яшчэ не ўмацаваныя травой і дзёрнам. І аказаліся больш схільныя да разбурэньня вадой. Акрамя гэтага, менавіта ў гэтым месцы, адкос, пры разбурэньні была пашкоджаная ліўнёўка, і, адпаведна, у гэтае месца вада пачала паступаць як з самога дарожнага палатна, так і з каналізацыі, што абумовіла такі маштаб пашкоджаньняў дарожнага палатна», — расказаў старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Схілы дарогі плянуюць умацаваць сеткай і арганізаваць латакі для аварыйнага скіду вады. Па ўсім горадзе ацэньваюць месцы, якія падтапіла, сказаў Каранік. У будучыні там павінны зрабіць ліўнёўкі і латакі для скіданьня вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні ў выніку залевы затапіла некалькі вуліц. ФОТА, ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы навальніц і залеваў 26 чэрвеня: адзін чалавек загінуў, дождж размыў мост пад Менскам. ФОТА