Паўтара дзясятка міжнародных праваабарончых арганізацый заклікаюць неадкладна вызваліць затрыманага ў студзені журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава. Іх сумесная заява апублікавана на сайце праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры», паведамляе БелаПАН.
«Андрэй Аляксандраў даўно зьяўляецца абаронцам свабоды выказваньня думак у Беларусі і за яе межамі, раней ён працаваў у Беларускай асацыяцыі журналістаў, Індэксе цэнзуры і «Article 19», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён шчыры патрыёт Беларусі». Хто такі Андрэй Аляксандраў, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржавеУ ёй таксама паведамляецца пра выстаўленае Аляксандраву абвінавачаньне ў парушэньні грамадзкага парадку, за якое яму пагражала да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
«Абвінавачаньні грунтуюцца на сьцьвярджэньнях аб тым, што Аляксандраў аплачваў штрафы журналістам і дэманстрантам, затрыманым уладамі падчас леташніх дэмакратычных пратэстаў, справакаваных выбарамі ў жніўні 2020 года. Сьледчы камітэт і іншыя праваахоўныя органы памылкова прыраўнялі гэта да фінансаваньня незаконных акцый пратэсту», — падкрэсьліваецца ў заяве.
30 чэрвеня 2021 году Аляксандраву было таксама выстаўлена абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве», за што пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты«У пэрыяд з 9 жніўня па канец 2020 года на пратэстоўцаў было накладзена штрафаў на суму больш як 530 тысяч эўра. Абсурдна зьвязваць намаганьні па аказаньні дапамогі ў аплаце гэтых штрафаў з парушэньнем грамадзкага парадку, не кажучы ўжо аб дзяржаўнай здрадзе, — адзначаюць праваабарончыя арганізацыі. — Хоць мы заклікаем вызваліць усіх 529 палітычных зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў цяперашні час пад вартай у Беларусі, у тым ліку сама меней 15 журналістаў, у гэты момант мы выказваем асаблівую заклапочанасьць з нагоды Аляксандрава. На сёньняшні дзень ён зьяўляецца адзіным затрыманым, якому выставілі сфабрыкаванае абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе».
Заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі:
- Article 19,
- Беларуская асацыяцыя журналістаў,
- Усходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар,
- Эўрапейскі цэнтар у пытаньнях прэсы і свабоды СМІ,
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў,
- Free Press Unlimited,
- сетка Дамоў правоў чалавека,
- Human Rights Watch,
- IFEX,
- «Індэкс цэнзуры»,
- International Media Support (IMS),
- амэрыканскі ПЭН-цэнтр,
- «Рэпартэры бязь межаў»,
- Арганізацыя СМІ Паўднёва-Ўсходняй Эўропы (SEEMO).