2,5 года «хіміі» за пытаньне чыноўніку, які загадваў фальсыфікаваць выбары
Суд Першамайскага раёну Віцебску вынес вырак у крымінальнай справе жыхара гораду Сяргея Ільюшэнкі «за публічную абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Нягледзячы на адкрыты фармат працэсу, у залю амаль нікога не пусьцілі.
Справу разглядала судзьдзя Тацяна Родзіна, дзяржабвінаваўца — пракурор Натальля Гаўрылюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За абразу старшыні Гомельскага аблвыканкаму суд пакараў музыку Gods Tower «хіміяй» на 3 гадыСяргей Ільюшэнка ў апошнім слове сказаў, што канкрэтна некага абразіць не хацеў. Тым ня меней судзьдзя агучыла прысуд: 2,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сумленнага пэдагога ўгаворвалі падпісаць сфальсыфікаваны пратакол. Аўдыёзапіс зь ВіцебскуПасьля паседжаньня Сяргей Ільюшэнка расказаў «Віцебскай Вясьне» падрабязнасці справы.
«12 жніўня 2020 году раніцай пабачыў „ВКонтакте“ пост пра кіраўніка Кастрычніцкага раёну Віцебску Сташэўскага. Маўляў, чыноўнік прымушае падначаленых зьмяняць вынікі выбараў, заклікае фальсыфікаваць іх. Вядома, усе пачалі абурацца. І я напісаў кшталту „Як табе ня сорамна ў вочы людзям глядзець?“. І забыўся пра гэта. А вясной прыехалі да мяне і адвезьлі ў СІЗА на Гагарына, „закрылі“ на трое сутак. Выйшаў, быў пад сьледзтвам. І вось суд», — адзначыў віцяблянін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда, якога абвясьцілі ў вышук, пакінуў БеларусьПа месцы жыхарства фігуранта справы прайшоў ператрус, канфіскавалі тэлефон і сыстэмны блёк кампутара.
Пад допісам пра чыноўніка гнеўныя камэнтары напісала тады некалькі дзясяткаў чалавек. Па словах следчых, усе, хто пракамэнтаваў той пост, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. За выключэньнем аднаго, асобу якога не ўдалося ідэнтыфікаваць.
Сяргей Сташэўскі, ужо былы кіраўнік Кастрычніцкага раёну Віцебску, атрымаў шырокую вядомасьць пасьля публікацыі ў інтэрнэце аўдыязапісу, на якім ён прымушае настаўнікаў перапісваць выніковы пратакол, памяняўшы месцамі прозьвішчы Лукашэнкі і Ціханоўскай. Неўзабаве пасьля скандалу яго звольнілі і перавялі ў Менск на новую пасаду.
Дзесяці палітвязьням пракурор запрасіў ад 5 да 9 гадоў калёніі
5 ліпеня 2021 прайшло чарговае паседжаньне суду над 10 палітвязьнямі, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце «радыкальнага напрамку» (у паказаньнях фігуруюць чаты «Отряд гражданской самообороны», «Подработка Минск», «100», «101») і ў намеры пашкодзіць або зьнішчыць тры «Табакеркі».
Фігурантаў справы абвінавачваюць па арт. 293, 218 і 295 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Астапенка.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Рамановіч запрасіў для падсудных ад 5 да 9 гадоў пазбаўленьня волі:
- 23-гадоваму Арцёму Касакоўскаму, 37-гадоваму Дзьмітрыю Ластоўскаму, 31-гадоваму Дзьмітрыю Жэбуртовічу — 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- 40-гадоваму Паўлу Нядбайлу, 33-гадоваму Расьціславу Стэфановічу, 26-гадоваму Яўгену Прапольскаму, 23-гадоваму Аляксандру Рэзьніку, 48-гадоваму Сяргею Плонісу, 20-гадоваму Арцёму Міцуку, Аляксандру Юрчыку (не зьяўляецца палітвязьнем) — 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- 38-гадоваму мэнэджэру Юрыю Бялько — 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Пракурор таксама папрасіў прызнаць абцяжарваючымі абставінамі зьдзяйсьненьне злачынства групай асобаў па папярэдняй змове. Таксама ён адзначыў, што ня ўсе абставіны знайшлі пацьвярджэньне. На працягу папярэдніх судовых паседжаньняў некаторыя з падсудных заявілі аб катаваньнях падчас затрыманьня або напісаньня «чыстасардэчных прызнаньняў».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах