Паводле інфармацыі таджыцкіх памежнікаў, у ноч на 5 ліпеня мяжу перасеклі 1037 аўганскіх салдат, яшчэ 94 уцяклі ў краіну днём раней. Адначасова ў Душанбэ паведамілі, што пасьля 20 чэрвеня ў Таджыкістане схаваліся 1600 аўганскіх вайскоўцаў. Ім дазволілі застацца, грунтуючыся на прынцыпе гуманнасьці і добрасуседзтва, падкрэсьлілі ў Дзяржаўным камітэце нацыянальнай бясьпекі.
Большасьць захопленых талібамі за нядаўні час тэрыторый знаходзяцца ў правінцыі Бадахшан. Там за тры дні пад іх кантроль перайшлі 16 з 27 раёнаў. Адзначаецца, што мясцовыя сілы бясьпекі часьцяком адыходзілі практычна без супраціву, сутыкаючыся з колькаснай перавагай талібаў і дрэнным забесьпячэньнем. Таксама гаворыцца аб нізкім маральным духу ў армейскіх шэрагах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошнія вайскоўцы ЗША пакінулі галоўную базу ў Аўганістане. Чаму гэта важна і чым небясьпечнаПа зьвестках аўганскай службы Радыё Свабода, талібы атачылі сталіцу Бадахшан — горад Файзабад. Там пад пагрозай апынулася функцыянаваньне рэгіянальнага аэрапорту. Мясцовыя чыноўнікі запэўніваюць, што талібам ня ўдасца зайсьці ў горад. А Міністэрства ўнутраных спраў Аўганістану 3 ліпеня назвала посьпехі талібаў часовымі, хоць застаецца незразумелым, як урад зьбіраецца вярнуць захопленыя ісламістамі населеныя пункты.
- Талібы пачалі хуткі наступ і цяпер кантралююць ужо прыкладна траціну з 421 раёну Аўганістану з тых часоў, як у красавіку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб вывадзе з краіны ўсіх амэрыканскіх вайскоўцаў да першай паловы верасьня. Усё часьцей гучаць асьцярогі, што падтрыманы Захадам урад у Кабуле можа пацярпець крах. 2-га ліпеня ўвесь склад міжнароднага вайсковага кантынгенту пакінуў аэрадром у Баграме. Аб’ект лічыўся найбуйнейшай вайсковай базай ЗША на аўганскай тэрыторыі.