Саўка ды Грышка пра санкцыі і зайцаў

Героі Лявона Вольскага абмяркоўваюць рэакцыю беларускіх чыноўнікаў на заходнія санкцыі.

Грышка:
У краіне РБ, дзе ад санкцыяў душна,

Саўка:
Гдзе усё адключаюць – і SWIFT, і ваду,

Грышка:
Чынавенства пяе, хоць ня надта і дружна.

Саўка:
Но паёт ано, как можэт, песьню пад дуду:

Разам:
Нам усё адно,
Нам усё адно!
Хай Еўрасаюз перакрые кран!
У праблемны час
Падтрымаюць нас.
Ёсьць Расея ў нас, ёсьць і Казахстан!

Грышка:
Мы праграмы ўсе з Эўразьвязам згарнулі.

Саўка:
Мы мігранцкі пусьцілі паток на Літву.
Прастралілі нагу і паказваем дулю.

Грышка:
А наступнай куляй стрэлім мы ў галаву.

Разам:
Нам усё адно,
Нам усё адно,
Нам усё адно, нам на ўсё пляваць.
Нам пляваць на вас,
Штаты, Эўразьвяз,
Дайце нам «калаш», будзем ваяваць!