Беларусь узмацніла ахову ўкраінскай мяжы, але не перакрыла

Архіўнае фота

Беларускія памежнікі ўзмацнілі ахову мяжы з Украінай, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі агенцтву «Интерфакс-Запад».

  • Павялічылі колькасьць памежнікаў.
  • Больш пільна кантралююць людзей у памежнай зоне і паласе.
  • На пунктах пропуску ўзмацнілі кантроль людзей і надгляд транспартных сродкаў, асабліва на ўезьдзе ў Беларусь.

У той жа час украінская памежная служба паведаміла, што істотных зьменаў абстаноўкі на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю за мінулыя содні не назіралася.

Яшчэ ўчора вечарам ўкраінскія памежнікі атрымалі папярэджаньне зь Беларусі пра ўзмацненьне аховы мяжы. Але адзначылі, што «такое ўзмацненьне — звычайная практыка падчас сьвяткаваньняў розных вызначаных дат». Ніякіх прыкметаў перакрыцьця мяжы не назіраецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра «спробу забойства» Азаронка і загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай

Аляксандар Лукашэнка 2 ліпеня заявіў, што загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай, бо нібыта адтуль паступае «велізарная колькасьць зброі». Паводле Лукашэнкі, у Беларусі былі раскрыты «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі, да якіх датычныя Нямеччына, ЗША, Украіна, Польшча і Літва.

Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка ў той жа дзень заявіў, што Ўкраіна катэгарычна адхіляе абвінавачваньне Аляксандра Лукашэнкі ў нібыта пастаўках зброі.

«Мы ніколі ня ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі. Мы не зьбіраемся гэтага рабіць у будучыні. Мы чакаем такой жа пазыцыі і ад Менску, каб паўночная мяжа заставалася прасторай бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна катэгарычна адхіляе абвінавачаньне ў нібыта пастаўках зброі». МЗС і Памежная служба Ўкраіны запярэчылі Лукашэнку

Нікаленка адзначыў, што палітыка Ўкраіны накіраваная на падтрымку законных інтарэсаў беларускага народу, які «заслугоўвае годнага жыцьця ў дэмакратычнай краіне, дзе паважаюцца правы чалавека і існуе вяршэнства закону».

«Замест гэтага пазыцыянаваньне Ўкраіны як зьнешняй пагрозы закладзена ў палітыцы дэзынфармацыі, рэпрэсій і запалохваньня беларускага насельніцтва. Мы перакананыя, што ніякія абсурдныя абвінавачваньні і запалохваньні ня змогуць адвярнуць беларускі народ ад добразычлівага ўкраінскага народу і Ўкраіны як дзяржавы, якая паважае і абараняе правы чалавека. Украінскі бок дагэтуль не атрымліваў афіцыйных паведамленьняў аб закрыцьці мяжы Беларусьсю. Беларускі народ у першую чаргу пацярпеў бы ад такога кроку», — сказаў Нікаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па шляху эскаляцыі. Што вынікае з выступу Лукашэнкі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму патрэбны язык Азаронка