Пра што сьведчаць заявы Лукашэнкі наконт выкрытых тэрарыстычных сетак, падтрыманых Захадам, і замаху на журналіста Азаронка? Ці зьяўляюцца гэтыя заявы падрыхтоўкай да ўвядзеньня ваеннага становішча? Ці зьвязаныя гэтыя заявы зь нядаўнім візытам у Беларусь дзяржсакратара Рады бясьпекі РФ Патрушава?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі.
Сівіцкі
- Такім чынам улады рыхтуюцца да гадавіны пратэсту.
- Асноўная стратэгія — падтрымліваць напружанасьць у грамадзтве.
- Нешта падобнае было напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, але тады ў якасьці крыніцы пагрозаў разглядалася Расея.
- Нямеччына як абвінавачаная дазваляе праводзіць аналёгіі з Другой Сусьветнай вайной.
- Галоўны адрасат сёньняшніх «антытэрарыстычных» заяваў Лукашэнкі — гэта Расея.
- Тут невыпадковае супадзеньне зь візытам у Менск дзяржсакратара Рады бясьпекі РФ Патрушава.
- Расея не здымае з парадку дня выкананьне «сочынскіх дамоваў», яна будзе патрабаваць іх выкананьня.
- Беларускі лідэр спрабуе зламаць гэты сцэнар, пераканаць Крэмль, што ён — найлепшы кіраўнік Беларусі для Расеі.
- Для гэтага выкарыстоўваюцца цынічныя прыёмы, каб Расея з ідэалягічных прычынаў была абмежаваная ў сваіх спробах умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі.
- З вуснаў і Пяскова, і Лаўрова гучалі ацэнкі, што падзеі ў Беларусі — сьведчаньне глыбокага палітычнага крызісу, які патрабуе інклюзіўнага дыялёгу ўлады з грамадзтвам.
- Зьліў крамлёўскіх «папераў Чарнова» сьведчыў пра тое, што Расея дамагалася трансфармацыі Беларусі ў прэзыдэнцка-парлямэнцкую ці нават парлямэнцка-прэзыдэнцкую.
- Крэмль вяртаецца да гэтага пытаньня, яно абмяркоўвалася паміж Пуціным і Байдэнам, і Пуцін атрымаў карт-блянш.
- І гэта ня тое каб супярэчыла інтарэсам ЗША.
- Я не выключаю, што ваеннае становішча ў Беларусі будзе ўведзенае.
- Беларускія ўлады карыстаюцца стратэгіяй эскаляцыйнага дамінаваньня.
- Нарошчваньне заходняга санкцыйнага ціску — гэта запраграмаваны сцэнар, чакаецца, што будзе прыняты і пяты, і шосты пакет санкцыяў ЭЗ, што і ЗША салідарызуюцца з ЭЗ і прадублююць чацьвёрты пакет санкцыяў ЭЗ.
- Увосень, калі эканамічная сытуацыя пагоршыцца, гэта можа выклікаць новыя пратэсты.
- Таксама ўвосень плянуецца правядзеньне стратэгічных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-21»
- Да вучэньняў беларускія ўлады будуць працягваць эскаляцыю.
- На кожны эскаляцыйны крок Захад будзе падымаць стаўкі.
- Беларускі палітычны крызіс ператварыўся ў глябальны.
- Беларускія ўлады даюць усё больш падставаў, каб дзеяньні Лукашэнкі інтэрпрэтаваліся як пагроза для міжнароднага міру і бясьпекі.
- Такія жорсткія фармулёўкі, якія ўжываюцца зараз адносна Беларусі, раней ужываліся толькі адносна КНДР і Ірану.
- Калі Менск ня зьменіць мадэль паводзінаў, будуць уведзеныя «драконаўскія» санкцыі, мэтай якіх будзе зьмена рэжыму.
- Захад будзе гатовы нават пайсьці на ўгоду з Масквой.
- Праявай таго, што беларускі крызіс стаў крызісам міжнароднай бясьпекі, стала сытуацыя зь мігрантамі на мяжы зь Літвой.
Што было раней
- Аляксандар Лукашэнка сёньня на ўрачыстым сходзе ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці сказаў, што была ўчыненая спроба забойства журналіста СТВ Рыгора Азаронка.
- «Гэта здарылася мінулай ноччу: 1 ліпеня. Мэта (цытую) — зьнерухоміць, захапіць, кінуць у багажнік. Вывезьці ў лес, адрэзаць язык», — паведаміў Лукашэнка.
- Таксама ён сказаў, што ў Беларусі «выкрытыя сьпячыя тэрарыстычныя ячэйкі», да якіх датычныя Нямеччына, ЗША, Украіна, Польшча і Літва.
- Таксама ён загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай, бо нібыта адтуль паступае «велізарная колькасьць зброі».
- Лукашэнка: «Сёньня завяршалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную апэрацыю. Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб’ектаў. У найбліжэйшы час мы пра гэта скажам».
- Выяўленыя ў Беларусі «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі спрабавалі падарваць вузел сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі ў Вілейцы, цытуе Інтэрфакс.
- Лукашэнка дадаў, што абмяркоўваў гэтую падзею падчас апошняй тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. «Усе ўдзельнікі тэракту, у тым ліку тыя, хто ажыцьцяўляў і арганізоўваў, на працягу двух сутак былі знойдзеныя і арыштаваныя», — сказаў Лукашэнка.
- Існуе телеграм-канал «Атрады самаабароны Беларусі», у якога 2500 падпісчыкаў. Лукашэнка назваў гэтых людзей «баявым рэзэрвам» тэрарыстаў.
- «Мы іх ведаем у твар. І ўвага: уладальнік чата — грамадзянін Германіі спадар дэ Хофман, раней грамадзянін Расеі і Украіны. Асноўны мадэратар гэтага дзейства — грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі Трубнікава»
- Нядаўна гэтыя сілы спрабавалі зьнішчыць вялікую колькасьць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах. 8 чэрвеня была затрыманая меркаваная выканаўца гэтай акцыі, Матвеева, яна «дае паказаньні».
- Лукашэнка назваў прозьвішчы іншых затрыманых — Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадароў.
- Тыдзень таму на мяжы зь Літвой быў перахоплены бесьпілётнік, да якога была прывязаная каністра з выбухоўкай, яго абясшкодзілі.