Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ шэсьць чалавек

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі яшчэ шэсьць чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве беларускай праваабарончай супольнасьці.

Такое рашэньне прынятае ў сувязі з вынясеньнем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах. Яны былі зьвязаныя з абвінавачваньнем ва ўжываньні гвалту да супрацоўнікаў міліцыі, супраціве з ужываньнем гвалту да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі, і хуліганстве (артыкулы 363, 364, 366, 339 КК).

У сьпіс палітвязьняў уключаныя Валерый Богдан, Юрый Седзянеўскі, Уладзімір Седзянеўскі, Андрэй Герасімовіч, Дзмітрый Вакуленка і Анастасія Ярашэвіч.

«Згодна з Інструкцыяй па вызначэньні паняцьця „палітычны вязень“, гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаньнем фізычнай сілы, спэцсродкаў, і калі ў дзеяньнях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясеньне не сымбалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтых асоб у якасьці палітычных зьняволеных», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах у Беларусі асудзілі 125 чалавек

Акрамя таго, зьвяртаюць яны ўвагу, маніторынг гэтых судовых пасяджэньняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэньню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнаньні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях спраў па-за палітычным кантэкстам.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, «Ініцыятыва FORB», РГА «Прававая ініцыятыва», Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend. Такім чынам, на 1 ліпеня палітвязьнямі ў Беларусі прызнаныя 532 чалавекі.