Наста Касьцюгова паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе маці, палітоляг Валерыя Касьцюгова знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.
Паводле дачкі, «ні яе статус, ні абвінавачаньне пакуль невядомыя». «Бацьку не забралі», дадае Настасься.
Першым пра затрыманьне Касьцюговай 30 чэрвеня паведаміў у сваім тэлеграм-канале палітоляг, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў. Інфармацыю пацьвердзіла Свабодзе дачка Валерыі Наста. Пазьней яна паведаміла, што пасьля ператрусу маці павезьлі ў Сьледчы камітэт.
Валерыя Касьцюгова — вядомы беларускі палітоляг, рэдактарка сайта «Наше мнение», галоўная рэдактарка зборніку «Белорусский ежегодник».
Павал Вусаў і Наста Касьцюгова лічаць, што пачаўся ціск на аналітыкаў. У гэтым рэчышчы яны разглядаюць і ўчорашняе затрыманьне незалежнай экспэрткі ў галіне дзяржкіраваньня Тацяны Кузінай.