Яна Шостак паходзіць з Горадні. У Польшчы жыве 11 гадоў. Скончыла мастацкія акадэміі ў Кракаве і Варшаве. Стала вядомай пасьля шэрагу артыстычных акцый, адна зь якіх – расьцяжка «Papa call me» («Папа, патэлефануй мне»). Так Яна вітала Папу Францішка на сусьветных Днях моладзі ў Польшчы і Панаме.
«Нашая хвіліна трывала на 27 гадоў даўжэй, чым трэба»
Каб пераканаць заходніх палітыкаў і кампаніі мацней супрацьстаяць беззаконьню ў Беларусі, Яна прыдумала акцыю «калектыўнага крыку». Гэтая ідэя нарадзілася ў яе пасьля вяртаньня са жнівеньскіх пратэстаў зь Беларусі.
«Я ведала, што тут мой ККД большы, бо я ўжо доўга тут жыву. Мяне папрасілі са Швэцыі напісаць пра падзеі ў Беларусі ў трох хвілінах. Я дасканала разумела, што я не раскажу ўсё за 3 хвіліны. Першыя тры хвіліны я прысьвяціла на тое, каб расказаць пра кожнага памерлага і колькасьць палітвязьняў, і ўвогуле пацярпелых. А потым я вырашыла ўсё гэта сабраць у хвіліну крыку. На жаль, нашая хвіліна трывала на 27 гадоў даўжэй, чым трэба». — гаворыць Яна.
Пазьней Яна крычала на акцыях у падтрымку эканамічных санкцыяў. Тады і ўзьнікла ідэя штодзённых хвілін крыку каля прадстаўніцтва Эўракамісіі. Часам да яе далучыліся іншыя беларусы, якія ўцяклі ў Польшчу ад перасьледу на радзіме.
«Некаторыя проста выкарыстоўвалі гэтую крыкатэрапію для таго, каб выкінуць усе эмоцыі, якія ў нас ува ўсіх унутры. Новае жыцьцё гэтая хвіліна крыку атрымала на наступны дзень пасьля згону самалёта, калі мяне запрасілі на прэс-канфэрэнцыю побач зь беларускай амбасадай у Варшаве. Ад жалю і эмацыйнай перанасычанасьці я вырашыла выдаць гэты банк эмоцыяў, таму што ўжо ніякія словы нам не дапамогуць. Мінуў год, а рэальных санкцыяў не было. І я такім чынам вырашыла паказаць свой пратэст».
«Калі для таго, каб пачаць гаварыць пра Беларусь, патрэбна дэкальтэ, то чаму не?»
Папулярнасьці крыку Яны нечакана паспрыяла Анна Марыя Жукоўская, польскі палітык левага кірунку. У сваім твітэры яна зьедліва пракамэнтавала дэкальтэ Яны Шостак: «Чаму ў мяне няма ўражаньня, што ёй ідзецца пра Беларусь». Пазьней яна дадала, што ў Шостак «дэкальтэ да пупа».
Пра гэты камэнтар напісалі найбуйнейшыя польскія СМІ, а ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца фатаздымкі салідарнасьці зь Янай, на якіх карыстальніцы дэманстравалі свае дэкальтэ.
«У інтэрнэце пайшла хваля. Былі розныя мэмы, жарты. Усё гэта актыўна працягвалася шэсьць дзён. Я падумала, калі ўсе так актыўна пра гэта размаўляюць, то варта перанесьці беларускую тэму на дэкальтэ. Я напісала на ім лічбу 56%. Столькі лесу зь Беларусі штогод экспартуецца ў Польшчу. Пазьней пачалася акцыя пад хэштэгам #dekoltdlabiałorusi. Карыстальнікі малявалі лягатыпы польскіх і міжнародных фірмаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. Гэта была нагода, каб пачаць пра гэта размаўляць, каб паказваць спажыўцу, што, купляючы, напрыклад, батончык Nestle, яны фінансуюць беларускі рэжым, бо Nestle купляе 30% рэклямы на дзяржаўнай тэлевізіі. Калі для таго, каб пачаць гаварыць пра гэтую важную тэму, патрэбна дэкальтэ, то чаму не?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуска зьмяняе польскую лексыку і дапамагае ахвярам касьцельнай пэдафіліі«Пасьля крыку пачалі адгукацца людзі з дапамогай»
Яна разумее — сам крык не ў стане памагчы дапамагчы людзям. Але яна перакананая, што як мастацкая акцыя гэта дае імпульс і нагоду, каб пра Беларусь больш размаўлялі і дапамагалі пацярпелым ад рэжыму.
«Гэта цяпер адна з маіх асноўных мэтаў. Я бачу, як людзі адгукаюцца. Людзі з Польшчы, якія дзякуючы гэтаму крыку ўспомнілі, што такое салідарнасьць. Яны прыгадалі, што адбывалася ў іхнай краіне больш за 30 гадоў таму, і яны вельмі ахвотна дапамагаюць. Цяпер гэтых людзей становіцца больш».
Апрача канкрэтнай дапамогі пацярпелым, дзякуючы крыку на Яну зьвярнулі ўвагу польскія парлямэнтары. Сёньня яна праводзіць сустрэчу ў Сэйме наконт умоваў для палітычных уцекачоў. Яна прадставіць там справы 27 беларусаў, якія ўцяклі ў Польшчу. Таксама сёньня ў Яны адбываюцца сустрэчы ва Ўпраўленьні ў пытаньнях іншаземцаў, Памежнай варце і МУС Польшчы, каб вырашыць праблемы беларускіх уцекачоў.
Яна заклікае рабіць хвіліны крыку штодня а 18.00 каля пасольстваў Беларусі ў сьвеце або побач зь сядзібамі міжнародных структур. Відэа з гэтых акцыяў яна просіць зьмяшчаць у сацыяльных сетках пад хэштэгам #globalscream.
«Мы жывем у ХХІ стагодзьдзі. Калі тэкст не прамаўляе да канца, калі трэба прыцягваць увагу СМІ відовішчнымі акцыямі, то чаму б ня выкарыстаць гэта на карысьць Беларусі? Як кажа Сьвятлана Ціханоўская: „Рабіце тое, што можаце, там, дзе вы ёсьць“. У мяне ёсьць такія магчымасьці, таму я раблю, што магу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКу