Былому сьледчаму Юшкевічу прад’явілі абвінавачваньні па трох артыкулах

Тэрыторыя каля менскага СІЗА №1, архіўнае фота

Былы сьледчы Яўген Юшкевіч знаходзіцца ў менскім СІЗА №1, тэрмін утрыманьня пад вартай яму працягнулі да 19 жніўня.

Экс-сьледчага і аднаго з ініцыятараў праекту ByChange Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка на падставе артыкула 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На былога сьледчага Яўгена Юшкевіча завялі крымінальную справу

Дома правялі ператрус, а самога Юшкевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. Ня так даўно вязьня перавялі ў ізалятар на вуліцы Валадарскага.

Сам былы сьледчы расцэньвае свой перасьлед і затрыманьне як помсту за выкладзенае відэа, дзе паказана, як нехта ставіць «праслушку» ў машыне ягонага бацькі, на якой Юшкевіч прыехаў 17 сакавіка на допыт у Сьледчы камітэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра сьледчага Юшкевіча, якога затрымалі ў справе аб тэрарызьме

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што, акрамя «тэрарызму», Яўгену Юшкевічу прад’явілі абвінавачаньні паводле крымінальных артыкулаў 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 293 (масавыя беспарадкі).