Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Зоры Кіпель, 5 гадоў пасьля дэнамінацыі ў Беларусі

Беларускія грошы, уведзеныя з 1 ліпеня 2016 году

Падзеі 1 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

1 ліпеня 1927 году нарадзілася Зора Кіпель, літаратуразнаўца, перакладчыца, грамадзкая дзяячка паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі й ЗША, жонка Вітаўта Кіпеля.

Зора Кіпель

Зора з тых людзей, зь сьмерцю якіх я дагэтуль не магу зьмірыцца. Нашу падараваны ёю швэдар, пішу «ейнымі» асадкамі, чакаю ад яе водгуку на новую кнігу...

Яна нарадзілася ў сям’і менскіх інтэлігентаў у гады беларусізацыі. Яе маці Апалёнія працавала настаўніцай і была блізка знаёмая з Уладзіславаю Луцэвіч, жонкаю Купалы. Бацька, Лявон Савёнак, які меў вядомасьць як здольны рэпартэр і фэльетаніст, у 1933-м трапіў у махавік рэпрэсіяў і быў адпраўлены ў высылку.

Навуку Зора здабывала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі й Ратгерскім у ЗША. Там, у Амэрыцы, яна пражыла большую частку жыцьця. Там выйшла замуж за школьнага сябра Вітаўта Кіпеля. Там нарадзіла і выхавала беларусамі дачку Алесю й сына Юрку.

Сваім другім домам спадарыня Кіпель называла Нью-Ёрскую публічную бібліятэку, дзе працавала амаль чатыры дзесяцігодзьдзі. Дзякуючы ёй значна пашырыўся беларускі кнігазбор бібліятэкі, былі наладжаныя дзясяткі тэматычна зьвязаных зь Беларусьсю выставаў, сэмінараў і канфэрэнцый.

Разам зь Вітаўтам Зора ўклала такія фундамэнтальныя кнігі, як «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе», «Беларуская дзяржаўнасьць», «Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе». Яна колькі гадоў рэдагавала газэту «Беларус». Зорынаму пяру належыць ангельскі пераклад беларускае вэрсіі знакамітай рыцарскай «Аповесьці пра Трышчана».

Яе імя было з шэрагу тых, што служылі своеасаблівымі візытоўкамі Беларусі ў вольным сьвеце.

Ад пачатку 1990-х Зора і Вітаўт штогод прыяжджалі на Бацькаўшчыну. Мы шмат вандравалі разам па Беларусі, і ў гэтых паездках — у Полацку, Віцебску, Магілёве, Рэчыцы, Крычаве — Кіпелі заўсёды пачуваліся не гасьцямі, а гаспадарамі, ня раз даючы прыклад тым, хто жыве на зямлі дзядоў, нібыта прыхадзень, — ня ведаючы ні яе мовы, ні гісторыі, ні сьвятаў і традыцыяў.

У адказ на мой віншавальны ліст з нагоды прыняцьця яе й Вітаўта ў ганаровыя сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў спадарыня Зора пісала: «Мы ўсё сваё жыцьцё аддалі Беларускасьці».

У Беларусь зноў і зноў вяртаецца душа Зоры. Кніга пра яе адкрыла ў 2019-м сэрыю «Людзі эміграцыі», якую выдае Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне па-беларуску. Падкаст Уладзімера Арлова

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 504–505.

Таксама ў гэты дзень

1569 — польскія і літоўскія дэпутаты на агульным сойме ў Любліне заключылі Люблінскую унію паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім.

1858 — упершыню агучаная тэорыя эвалюцыі Чарльза Дарвіна.

1863 — пачалася бітва пры Гетысбэргу, адна з вырашальных бітваў Грамадзянскай вайны ў ЗША, у якой войскі Поўначы нанесьлі паразу войскам Поўдня.

Грамадзянская вайна ў ЗША

1867 — абвешчаная незалежнасьць Канады.

Сьцяг Канады

1921 — зацьверджаны статут Таварыства беларускай школы, створанага ў Вільні.

1944 — у Брэтан-Вудсе пачалася канфэрэнцыя саюзьнікаў, якая зацьвердзіла пляны стварэньня Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банку.

1966 — Францыя выйшла з вайсковай арганізацыі NATO.

1974 — прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан наведаў Беларусь.

Рычард Ніксан у Менску

1989 — у Кіеве створаны Народны Рух Украіны.

1991 — у Празе падпісаны пратакол аб афіцыйным спыненьні існаваньня Арганізацыі Варшаўскай дамовы

1997 — Ганконг ізноў стаў часткай Кітаю.

2013 — Харватыя ўступіла ў Эўрапейскі Зьвяз.

Падчас цырымоніі далучэньня Харватыі да Эўразьвязу сьцяг краіны ўносяць у Эўрапарлямэнт, 1 ліпеня 2013

2016 — дэнамінацыя ў Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1646 — Готфрыд Вільгельм Ляйбніц, нямецкі філёзаф і матэматык.

1780 — Карл Клаўзэвіц, нямецкі генэрал і ваенны тэарэтык.

1804 — Жорж Санд, француская пісьменьніца.

У памяці

2000 — Рыгор Клімовіч, вязень ГУЛАГу, адзін з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня палітзьняволеных 1953 году, мэмуарыст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

За напісаныя пасьля арышту антысталінскія вершы Клімовіча накіроўваюць пад Нарыльск, у Гарляг з рэпутацыяй лягеру сьмерці. У 1950-м яго паўторна асуджаюць на дзесяць гадоў зьняволеньня.

Пасьля таго як «бацька ўсіх народаў» выправіўся ў апраметную і пачаліся масавыя амністыі, у Гарлягу рэжым, наадварот, зрабіўся больш жорсткім. Ахова атрымала дазвол расстрэльваць без суда й сьледзтва.

Калі колькасьць забітых наблізілася да дваццацёх, цярпеньне вязьняў высілілася: 25 траўня 1953 году над лягерам быў узьняты чорны з чырвонай паласой сьцяг паўстаньня. На чале яго стаў беларус Рыгор Клімовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія інсургенты. Падкаст Уладзімера Арлова

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 468–469.