МУС вярнула працяглыя спатканьні ў турмах, якія раней забаранялі праз каранавірус

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 46 у Круглым на Магілёўшчыне

А з папраўчых устаноў адкрытага тыпу дазволілі выходзіць у вольны ад працы час.

Міністэрства ўнутраных справаў вярнула наведваньні ва ўстановы крымінальна-выканаўчай сыстэмы (КВС). Паводле інфармацыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, якую цытуе прэс-сакратарыят МУС, у поўным аб’ёме аднавіліся працяглыя спатканьні для вязьняў, якія зьмяшчаюцца ва ўстановах КВС і ў лячэбна-працоўных прафілякторыях (ЛПП).

Таксама асуджаным дадзена права выходзіць у вольны ад працы час з папраўчых устаноў адкрытага тыпу (ПУАТ). Дазволілі выезд асуджаных за межы папраўчых калёній-пасяленьняў, ПУАТ і ЛПП з выкананьнем захадаў для прадухіленьня і пашырэньня вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі.

Акрамя таго, аднаўляюцца наведваньні прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў і сьвятароў для правядзеньня выхаваўчых і духоўна-асьветніцкіх мерапрыемстваў.

Ранейшыя абмежаваньні, згодна з афіцыйнай фармулёўкай, уводзіліся ў мэтах прафіляктыкі распаўсюджаньня каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці журналіста Івашына, у якога здарыўся сардэчны прыступ: «Яго могуць забіць»

У Беларусі па стане на 30 чэрвеня 2021 году 526 вязьняў маюць статус палітычных зьняволеных, гэта значыць, што дзяржава перасьледуе іх за палітычныя ці грамадзкія погляды. Тысячы людзей, якія прайшлі праз адміністрацыйныя арышты альбо яшчэ ўтрымліваюцца ў ізалятарах і турмах у адміністрацыйных і крымінальных справах, заяўлялі пра катаваньні і нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня за кратамі.

Шэраг палітычных зьняволеных турэмная адміністрацыя аднесла да асобаў, схільных да суіцыду, альбо тых, якія могуць наважыцца на экстрэмісцкія дзеяньні ці нават на напад на адміністрацыю. Правілы праверкі такіх асобаў найбольш строгія. Акрамя таго, многім палітвязьням штучна абмяжоўваюць ліставаньне і спатканьні са сваякамі і блізкімі, а таксама кідаюць у карцар на падставе нібыта выяўленых парушэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік «чату радыкальнай скіраванасьці» ўцёк зь Беларусі і расказаў, як здымаўся у пакаяльным відэа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Гулак расказаў, што заўважыла камісія ў шклоўскай турме, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перавозіць па этапе будуць у кайданках». Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» прызналі схільным да суіцыду