Байдэн прадставіў грандыёзны плян для Амэрыкі, які параўнаў з «Новым курсам» Рузвэльта

Джо Байдэн

Падчас паездкі ў штат Вісконсін прэзыдэнт ЗША выступіў з прамовай, прысьвечанай двупартыйнаму пагадненьню аб інвэстыцыях у інфраструктуру.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы ў аўторак у штаце Вісконсін, заявіў, што забесьпячэньне даступнай і высакахуткаснай інтэрнэт-сувязі кожнаму амэрыканцу стане эквівалентам урадавага праекту электрыфікацыі сельскіх раёнаў у 30-х гадах мінулага стагодзьдзя.

«Гэта падрыхтавала глебу для масавага, устойлівага эканамічнага буму, які пачаўся адразу пасьля Другой сусьветнай вайны», — сказаў Байдэн ў Вісконсіне, гаворачы ў аўторак пра палітыку «Новага курсу», якую пачаў праводзіць прэзыдэнт Франклін Рузвэльт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн прадставіў плян мадэрнізацыі ЗША — найбуйнейшы з часоў Другой сусьветнай вайны

Шырокапалосны інтэрнэт, як заявіў Байдэн, «не раскоша. Цяпер гэта неабходнасьць, накшталт вады і электраэнэргіі». Прэзыдэнт спрабуе дамагчыся прыняцьця Кангрэсам двупартыйнага пакету ў справе будаўніцтва інфраструктуры на суму 1,2 трыльёна даляраў.

Мэта пляну — павялічыць занятасьць шляхам стварэньня «добра аплачваных рабочых месцаў, рамантуючы нашы дарогі і масты», сказаў Байдэн, выступаючы ў муніцыпальным транспартным прадпрыемстве ў горадзе Ла-Крос, штат Вісконсін.

Белы дом падкрэсьлівае, што 90% працоўных месцаў, створаных за кошт выдаткаў на інфраструктуру, могуць атрымаць работнікі без вышэйшай адукацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн прадставіў плян, які мусіць «замацаваць будучыню за Амэрыкай»

Кампрамісны законапраект быў узгоднены прэзыдэнтам на мінулым тыдні з групай, якая складаецца з 10 памяркоўных сэнатараў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў. Паводле дадзеных Белага дому, узгоднены з Сэнатам плян прадугледжвае найбуйнейшыя ў гісторыі краіны інвэстыцыі ў грамадзкі транспарт. Акрамя таго, пакет прадугледжвае стварэньне агульнанацыянальнай сеткі зарадных прылад для электрамабіляў і ліквідацыі сьвінцовых камунікацыйных ліній і трубаправодаў.

У мэмарандуме Белага дому сказана, што пакет будаўніцтва ў чатыры разы перавышае памер інвэстыцый у інфраструктуру, прынятых пасьля Вялікай рэцэсіі 2008-2009 гадоў, і будзе найбуйнейшым ад часоў дэпрэсіі 1930-х гадоў, калі прэзыдэнт Рузвэльт у рамках «Новага курсу» настаяў на велізарных бюджэтных інвэстыцыях у эканоміку.

Пакет таксама ўключае ў сябе найбуйнейшыя інвэстыцыі ў пасажырскія чыгуначныя перавозкі ад моманту стварэньня сыстэмы Amtrak. У Белым доме заявілі, што толькі ў Вісконсіне гэтая мера дапаможа адрамантаваць 979 мастоў і больш за 3100 кілямэтраў шашы, якія цяпер у дрэнным стане.

Белы дом у аўторак паведаміў аб выніках новага апытаньня, праведзенага Yahoo / YouGov, згодна зь якім 51% амэрыканцаў, у тым ліку 60% рэспубліканцаў, падтрымліваюць двупартыйнае пагадненьне аб інфраструктуры.