У арыштаванай у «польскай справе» Анжалікі Борыс у СІЗА абвастрыліся ранейшыя хваробы

Анжаліка Борыс, архіўнае фота

Пра стан здароўя зьняволенай старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс паведаміла дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска.

«У Анжалікі Борыс пагоршыўся стан здароўя, акрамя таго, абвастрыліся ранейшыя сымптомы, зьвязаныя з жаночым захворваньнем. Ёсьць патрэба ў лячэньні зубоў», — расказала ў Фэйсбуку Агнешка Рамашэўска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на дэпартацыю», — дырэктарка Белсату

Паводле яе зьвестак, Анжаліка Борыс у выніку пагадзілася выехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць гэты працэс і спрабуюць такім чынам шантажаваць яе калегу, другога лідэра Саюзу палякаў, журналіста Анджэя Пачобута.

Раней Агнешка Рамашэўска першай паведаміла пра вызваленьне і вываз у Польшчу трох іншых фігурантак «польскай справы» — Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Ганны Панішавай. У траўні іх вызвалілі зь СІЗА і вывезьлі з краіны. Яны хоць і ў Польшчы, але застаюцца абвінавачанымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы сустрэўся з вывезенымі зь Беларусі актывісткамі Саюзу палякаў

Старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка, яна ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Жанчына праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК).

У няволі цяпер застаюцца толькі Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут. У траўні ім таксама прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд за мяжу, але яны адмовіліся. Неўзабаве пасьля гэтага журналіст адчуў пагаршэньне стаўленьня — яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».
У СІЗА ён захварэў на каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут напісаў з турмы, што «адчуў на сабе прыкметы незадаволенасьці», калі адмовіўся зьяжджаць зь Беларусі