Чарговая страта праз палітычную сытуацыю: Беларусь пазбавілі чэмпіянату сьвету ў спартовай хадзе

Спартовая хада, архіўнае фота

Сусьветная лёгкаатлетычная рада пагадзілася перанесьці камандны чэмпіянат сьвету па спартовай хадзе ў 2022 годзе, які першапачаткова плянаваўся ў Менску.

Цяпер арганізацыя вядзе перамовы з альтэрнатыўнымі гарадамі, якія гатовыя прыняць гэты форум. Новае месца будзе агучанае падчас пасяджэньня выканкаму рады 28-29 ліпеня, гаворыцца на афіцыйным сайце World Athletics.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнэ Фазэль надалей шкадуе, што Менск страціў хакейны чэмпіянат з прычыны палітычнага крызісу

Рашэньне прынятае па выніках дакладу, падрыхтаванага Сусьветным камітэтам у лёгкай атлетыцы, у якім зроблена выснова: нявызначанасьць вакол дыпляматычных адносінаў і абмежаваньняў міжнародных паездак істотна паўплывае на правядзеньне чэмпіянатаў сьвету ў Менску 23-24 красавіка 2022 году.

Сусьветная лёгкаатлетычная рада шкадуе, што не залежныя ад іх абставіны прымусілі зрабіць такі крок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэрвеньскі чэмпіянат Эўропы па велатрэку ў Менску скасавалі

У 2017 годзе Менск атрымаў права правесьці камандны чэмпіянат сьвету ў спартовай хадзе, які праз Covid-19 перанесьлі на красавік 2022-га.

Раней праз палітычную нестабільнасьць Беларусь пазбавілі чэмпіянату сьвету ў хакеі, чэмпіянату сьвету ў паўэрліфтынгу, чэмпіянату Эўропу ў велатрэку, этапу Кубку сьвету ў біятлёне ды іншых міжнародных спаборніцтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі забралі этап Кубка сьвету па біятлёне: «У сьвятле бягучай сытуацыі»