«Рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі не азначае аўтаматычнага прыпыненьня дзеяньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю ў адпаведнасьці з артыкулам аб прыпыненьні візавага рэжыму, — сказала Набіла Масралі брусэльскаму карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку. — Варта нагадаць, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму зьяўляецца адным з найбольш важных інструмэнтаў, якія мы маем для падтрыманьня моцных чалавечых сувязяў паміж ЭЗ і беларускім народам. Гэта застаецца асноўнай мэтай ЭЗ. Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі ізалююць краіну, але мы робім усё магчымае, каб пры гэтым ня быў ізаляваны беларускі народ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на санкцыі Беларусь прыпыніла сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і зрабіла іншыя захадыДзякуючы спрашчэньню візавага рэжыму была зьменшаная цана шэнгенскай візы для беларусаў — з 80 да 35 эўра. З адказу Эўразьвязу вынікае, што яна застанецца такой і пасьля прыпыненьня Беларусьсю дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі.
28 чэрвеня МЗС Беларусі выклікаў кіраўніка Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску Дырка Шубэля і заявіў, сярод іншага, аб прыпыненьні свайго ўдзелу ва «Ўсходнім партнэрстве» і пачатку рэалізацыі працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўропа рэагуе на «контрасанкцыі» афіцыйнага Менску