Год таму я ўжо адказваў Яўгену Прэйгерману на ягоныя папрокі ў бок беларускага грамадзтва, якое ня хоча дамаўляцца з Лукашэнкам. Мэта гэтай дамоўленасьці, як яе бачыў Прэйгерман (ва ўсялякім разе, менавіта так я яе ўспрыняў) — Лукашэнка, якім бы ён ня быў, павінен застацца ва ўладзе, інакш незалежнасьць будзе ліквідаваная вонкавымі сіламі.
І таму — пагадзіцеся і ня рыпайцеся, бо будзе горш.
Днямі зьявіліся інтэрвію Прэйгермана (спачатку на Свабодзе, цяпер у Салідарнасьці), патас якога, калі зьвесьці да некалькіх словаў — «Я ж вас папярэджваў! Тузануліся? Атрымалі».
Памятаецца, у нейкім інтэрвію Прэйгерман прывёў аналёгію з самалётам, пілёт якога пасажырам не падабаецца. Што будзе, калі пасажыры ўварвуцца ў кабіну і пачнуць адбіраць у пілёта штурвал?
Добрая аналёгія. Але мае адну істотную хібу.
Ніводзін лётчык (нават самы кваліфікаваны) ня можа кіраваць лайнэрам бясконца. Вярнуўшыся да палітыкі, на такі выпадак і існуе працэдура выбараў. Лепшага спосабу зьмены ўлады, як пэрыядычныя і свабодныя выбары, чалавецтва не прыдумала. Няздольны кіраваць ці здольны, але стаміўся, — выходзь з кабіны.
Дзіўнавата, што палітоляг, які немалы час кіруе «Радай міжнародных адносін» і ладзіць сустрэчы прадстаўнікоў улады з эўрапейскімі палітыкамі, ня ведае пра гэты агульнапрыняты ў эўрапейскай, увогуле ў цывілізаванай супольнасьці спосаб — выбары.
Думаю, нават Прэйгерман ня будзе аспрэчваць, што выбары былі сфальсыфікаваныя — пілёт не пажадаў прызямліцца і саступіць штурвал іншаму.
І хто ў гэтым вінаваты? Пасажыры? Думаю, што пілёт. І, не ў малой ступені, чальцы экіпажу.
Разумею двухсэнсоўнасьць наступных слоў у кантэксьце апошняй авіяцыйнай драмы, але самалёт з такім пілётам (які да таго ж загадаў пусьціць у пасажырскі салён сьлезацечны газ) трэба садзіць, і як мага хутчэй.
Усё астатняе, даруйце за рэзкасьць — апраўданьне прынцыпу «Заткніцеся, пагадзіцеся з тыраніяй і маўчыце». Але ад гэтага Эўропа пачала пазбаўляцца яшчэ ў часы рымскага рабаўладальніцтва.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо ў руках Расеі, і гэта ягоны выбар. Інтэрвію з былым спэцпрадстаўніком ЗША па Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 варыянты расейскай палітыкі: куды «заплылі» Лукашэнка і Пуцін? Меркаваньне экспэрткі