Ва Ўкраіне ўпершыню за тры стагодзьдзі пакажуць арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка, ураджэнца Беларусі

Першая канстытуцыя Ўкраіны Піліпа Орліка

Ва Ўкраіне сёньня адзначаюць 25-гадовы юбілей Асноўнага закону краіны і ўшаноўваюць аўтара першай у сьвеце Канстытуцыі Піліпа Орліка, які нарадзіўся ў Беларусі, у пасёлку Касута Ашмянскага павету (цяпер Вілейскі раён Менскай вобласьці).

Піліп Орлік быў генэральным пісарам і даверанаю асобай гетмана Івана Мазэпы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы сёньня на ўрачыстым пасяджэньні парлямэнту, прысьвечанаму Дню Канстытуцыі, заявіў, што сёлета ўкраінцы змогуць пабачыць арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка. Зяленскі лічыць несправядлівым, што за ўвесь час пасьля аднаўленьня незалежнасьці Ўкраіны ўкраінскія грамадзяне ніколі ня бачылі арыгіналу гістарычнага дакумэнту, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швэцыі.

«Да 30-годзьдзя нашай Незалежнасьці, упершыню за 311 гадоў ва Ўкраіну прыбудзе арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка. Яго, разам з булавой гетмана Піліпа Орліка і гетмана Івана Мазэпы, усе ахвотныя змогуць пабачыць у Сафійскім саборы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўскладае кветкі да помніка Піліпу Орліку

Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што адначасова Нацыянальны архіў Швэцыі перадаў тры копіі Канстытуцыі Піліпа Орліка. Адна зь іх ужо выстаўляецца ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, другая будзе знаходзіцца ў Офісе прэзыдэнта, а трэцюю перададуць у Канстытуцыйны суд пасьля ягонай перазагрузкі.

Ад на са старонак канстытуцыі Орліка

Уладзімір Зяленскі падзякаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якія ў 1996 годзе, нягледзячы «на палітычнае супрацьстаяньне, 15 розных праектаў Канстытуцыі, шэсьць тысяч паправак перад другім чытаньнем і бесьперапыннае пасяджэньне цягам больш як 24 гадзін знайшлі ў сабе сілы і дасягнулі адзінства, каб ухваліць доўгачаканую Канстытуцыю Ўкраіны».

У 2017 годзе Ўкраіна і Беларусь супольна адзначылі 345-годзьдзе гетмана Піліпа Орліка.

  • Піліп Орлік нарадзіўся ў жніўні 1672 году ў сямʼі радавітай літоўскай шляхты чэскага паходжаньня — Орлікаў. Ягоны бацька Сьцяпан Орлік служыў у арміі караля Рэчы Паспалітай, загінуў на пяцьдзесят першым годзе жыцьця падчас польска-асманскай вайны ў бітве пад Хоцінам у сьнежні 1673 году, а маці Ірына паходзіла зь беларускага роду Малахоўскіх. Піліп Орлік вучыўся ў Вільні і Кіева-Магілянскай калегіі на «выдатна». Падчас навучаньня паказаў сябе таленавітым прамоўцам ды паэтам, цікавіўся філязофіяй і літаратурай, добра ведаў украінскую, польскую, царкоўнаславянскую, вугорскую, італьянскую ды іншыя мовы.
  • Піліп Орлік быў генэральным пісарам і даверанаю асобай Івана Мазэпы і браў удзел у 1708 годзе ў выступе Мазэпы супраць Пятра I, а пасьля Палтаўскай бітвы эміграваў у Асманскую імпэрыю і ўжо ў выгнаньні напісаў «Пакты і Канстытуцыі правоў і вольнасьцяў Войска Запароскага», якія пазьней атрымалі назву «Канстытуцыя Піліпа Орліка», якую лічаць першай украінскай Канстытуцыяй, а таксама адной зь першых канстытуцый у Эўропе. Згодна зь ёю, абмяжоўвалася гетманская прэрагатыва, зьмяншалася сацыяльная эксплюатацыя, захоўваўся статус запарожцаў і дэкляравалася палітычнае і царкоўнае аддзяленьне Ўкраіны ад Масковіі.