Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў лічыць, што зборная Беларусі выступіла б у паўфінале чэмпіянату Эўропы лепей, калі б на трыбунах не было бел-чырвона-белых сьцягоў. Напярэдадні жаночая зборная Беларусі саступіла камандзе Францыі 61:73.
Рыжанкоў у дваровым чаце ў тэлеграме напісаў, што ня лічыць, што заўзятары пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сапраўды падтрымлівалі каманду. Таксама чыноўнік згадаў Алену Леўчанку і Кацярыну Сныціну, якія выказаліся супраць Лукашэнкі і адмовіліся выступаць за зборную.
«Дапамаглі так, што прагулялі. Лепш бы спалі па хатах. Я крайніх не шукаю. Згулялі годна. Не было б ануч, пад якімі заўсёды бяда. Было б лепш. Вы рэальна думаеце, што гэтыя анучы камандзе ў плюс? Вы ж і самі ўсё разумееце. Гэта не падтрымка, а правакацыя. Як так заўзець за, каб было супраць. Прыхільнікі Сныцінай і Леўчанкі наўрад ці выступаюць за тое, што каманда бязь іх значна больш пасьпяховая».
Большасьць людзей у камэнтарах да допісаў Рыжанкова раскрытыкавалі чыноўніка за гэтыя словы. Гэта ня першая заява кіраўніка баскетбольнай фэдэрацыі супраць беларускіх заўзятараў. Раней цягам Эўрабаскету ён заявіў, што беларусы нібыта прыйшлі на трыбуны ў Валенсіі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі за грошы і «пракліналі сваю радзіму». Ніякіх доказаў сваім словам Рыжанкоў не прадставіў.
Пры гэтым каманда думае пра падтрымку заўзятараў зусім іначай. Вядучая баскетбалістка зборнай Тацяна Ліхтаровіч на прэс-канфэрэнцыі пасьля паўфіналу зьвярнулася да заўзятараў.
«Дзякуй усім, хто за нас заўзее, працягвайце. Як я і казала дагэтуль: „Верым! Можам! Пераможам!“».
Увосень 2020 году Ліхтаровіч падпісала ліст за сумленныя выбары і сыход Лукашэнкі. У адрозьненьні ад Сныцінай і Леўчанкі яна ў зборнай засталася. У зборнай ёсьць яшчэ дзьве баскетбалісткі, якія падпісалі ліст, гэта Аляксандра Тарасава і Ганна Брыч.
Максім Рыжанкоў уключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. Ён быў адным з топ-чыноўнікаў, якія ўвосень 2020 году езьдзілі па рэгіёнах, каб залагодзіць сытуацыю на месцах. На адной з такіх сустрэчаў у Смаргонях ён паабяцаў прысутным, што міліцыянты «больш ня будуць шкадаваць» пратэстоўцаў. У санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі і Эстоніі Рыжанкоў трапіў яшчэ ў канцы жніўня. Гэтыя краіны забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю, назваўшы датычным да фальсыфікацыі выбараў і ўтойваньня іх сапраўдных вынікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя баскетболу патлумачыла, чаму вывелі з трыбун беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У маратоне будзем бегчы да перамогі». Баскетбалістка Сныціна пра нацыянальныя каманды не для заўзятараў, пераезд у Вільню і Ціханоўскую