У Ісьляндыі скасавалі ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з каранавірусам

У Ісьляндыі ў суботу 26 чэрвеня адмянілі ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з распаўсюджваньнем каранавірусу.

Больш няма неабходнасьці насіць маскі ў грамадзкіх месцах і выконваць сацыяльную дыстанцыю, зьнятыя і ліміты на колькасьць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Краіна стала першай дзяржавай у Эўропе, якія пайшла на поўную адмену захадаў, зьвязаных з пандэміяй (за выключэньнем абмежаваньняў на ўезд з-за мяжы).

«Мы вяртаемся да жыцьця, якім мы прывыклі жыць і да якога мы гэтак доўга імкнуліся» — сказала міністарка аховы здароўя краіны.

Ісьляндыя з самага пачатку пандэміі зрабіла стаўку на маштабнае тэставаньне. У краіне з насельніцтвам у 330 тысяч чалавек на дадзены момант праведзена больш за 750 тысяч тэстаў. Тэставаньне дазваляла эфэктыўна выяўляць інфікаваных і ізаляваць іх. На піку разьвіцьця эпідэміі краіне, аднак, не ўдалося пазьбегнуць локдаўна. Зараз амаль 87 працэнтаў жыхароў краіны вакцынаваныя, і колькасьць новых выпадкаў інфэкцыі не перавышае 10 за тыдзень.

За ўвесь час эпідэміі ў краіне памерлі 30 чалавек, прычым толькі 1 — сёлета. Як колькасьць сьмерцяў на душу насельніцтва, так і працэнт сьмяротнасьці ў Ісьляндыі — адны з самых нізкіх у сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ізраіля зноў увялі ў краіне масачны рэжым праз 10 дзён пасьля яго адмены
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зафіксаваны максымум сьмерцяў ад COVID-19 ў 2021 годзе