У Маскве сілавікі жорстка разагналі акцыю КПРФ супраць абавязковай вакцынацыі

У цэнтры Масквы ў нядзелю паліцыя затрымала некалькіх удзельнікаў акцыі супраць прымусовай вакцынацыі ад COVID-19. Акцыю арганізавала мясцовае аддзяленьне КПРФ у фармаце сустрэчы з дэпутатам Дзярждумы Валер’ем Рашкіным — мітынгі і шэсьці ўлады не ўзгадняюць, спасылаючыся на эпідэмію.

Па дадзеных СМІ было затрымана 9 чалавек. Сярод затрыманых — кіраўнік фракцыі камуністаў у Маскоўскай гарадзкой думе Мікалай Зубрылін. Усяго ў акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек.

Паліцыя дзейнічала жорстка.

Удзельнікі акцыі аспрэчвалі дзеяньні маскоўскіх уладаў, якія абавязалі працадаўцаў дамагчыся вакцынацыі 60 адсоткаў работнікаў у шэрагу сфэраў, у тым ліку гандлі і сфэры паслуг, адукацыі і ахове здароўя. Ўлады ня лічаць гэта прымусовай вакцынацыяй, паколькі, як сказаў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў, не жадаючыя прышчапляцца могуць звольніцца і знайсьці працу ў іншай сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зафіксаваны максымум сьмерцяў ад COVID-19 ў 2021 годзе