Amnesty International: Перавод Пратасевіча і Сапегі пад хатні арышт выглядае як цынічны выкрут, каб дамагчыся адмены санкцый

  • БелаПАН

Раман Пратасевіч і Сафія Сапега

Перавод блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі пад хатні арышт выглядае як цынічны выкрут уладаў Беларусі, каб дамагчыся адмены міжнародных санкцыяў, уведзеных пасьля іх затрыманьня.

Пра гэта заявіла дырэктарка праваабарончай арганізацыі Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.

«Будучы пад хатнім арыштам, Раман Пратасевіч і Сафія Сапега застаюцца людзьмі, якіх улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі неправамерна затрымалі, незаконна арыштавалі і беспадстаўна перасьледуюць за надуманыя злачынствы. Правасудзьдзе не адбудзецца, пакуль іх ня вызваляць у безумоўным парадку», — сказала яна.

Такім чынам, адзначыла прадстаўніца Amnesty International, зьмена меры стрыманьня выглядае цынічным выкрутам дзеля адмены санкцый. «На працягу апошняга году ўвесь сьвет з жахам назіраў, як уладны апарат Аляксандра Лукашэнкі зь невымоўнай жорсткасьцю душыць мірныя праявы нязгоды, — заявіла яна. — Мы зноў заклікаем міжнародную супольнасьць зрабіць усё магчымае, каб пакончыць з крызісам у галіне правоў чалавека ў Беларусі».

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу. Ім павінна быць дазволена пакінуць Беларусь, калі яны захочуць. Калі ж яны застануцца ў краіне, улады павінны гарантаваць, што надалей яны ня будуць рэпрэсаваныя», — падкрэсьліла Стразэрс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт патлумачыў, чаму Пратасевіча і Сапегу перавялі на хатні арышт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Драма Пратасевіча як мадэль паводзінаў для іншых палітвязьняў