МЗС Беларусі абяцае санкцыі ў адказ эўрапейскім у «найбліжэйшыя тыдні»

Будынак МЗС Беларусі. Архіўнае фота

МЗС Беларусі адказала на сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу.

«Беларусь не зьбіраецца моўчкі за гэтым назіраць. У найбліжэйшыя тыдні паступова будуць запушчаныя ў дзеяньне захады ў адказ, пра якія мы неаднаразова заяўлялі. Эўрапейскім палітыкам даўно пара зразумець: ціск і санкцыі — гэта ня тая мова, на якой варта размаўляць з Беларусьсю. Пры гэтым мы застаёмся адкрытымі для раўнапраўнага дыялёгу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з тымі, хто бачыць у Беларусі партнэра, а не аб’ект для геапалітычных дамаганьняў і экспэрымэнтаў», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

«Пасьля вераломнай сумеснай атакі 22 чэрвеня 2021 г. з боку восі ЭЗ, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады на беларусаў, на працоўныя калектывы нашых прадпрыемстваў, бізнэсмэнаў, журналістаў, а таксама дэпутатаў толькі за тое, што яны выказваюць уласнае меркаваньне, было цалкам зразумела, што будзе зроблена новая дарэмная спроба паступова душыць нашых грамадзян», – гаворыцца ў заяве.

«Выступаючы нібыта ў падтрымку свабоды самавыяўленьня, Эўразьвяз выпальвае ўсе, што ня ўпісваецца ў эўрацэнтрычную карціну сьвету. Напэўна, гэта і ёсьць сутнасьць іх дэмакратыі. Пры гэтым дадзеныя краіны ўжо нават не спрабуюць шукаць ці „прыцягваць за вушы“ хаця б нейкія міжнародна-прававыя падставы і тлумачэньні для такіх дзеяньняў. Таму што іх няма. Ёсьць толькі мэта разлажыць і падарваць сувэрэнную і незалежную дзяржаву, якая праводзіць самастойную вонкавую і ўнутраную палітыку на аснове рэальных інтарэсаў беларускага народу», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская калійная кампанія адрэгавала на санкцыі Эўразьвязу

Рада Эўразьвязу 24 чэрвеня ўвяла сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.

Санкцыі ўведзеныя пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны масавых парушэньняў правоў чалавека, эскаляцыя рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.


Уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі.
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Эўразьвязу: «Ваеннае становішча, калі трэба»