«З бацькамі Софʼя Сапега сустракалася ў рэстаране, пад аховай», — адвакат

Сафія Сапега

Рамана Пратасевіча перавялі пад хатні арышт, паведамляе BBC. Таксама пад хатні арышт перавялі грамадзянку РФ Соф’ю Сапегу, паведаміў тэлеканалу «Настоящее время» яе адвакат Антон Гашынскі. Зараз Софʼя жыве адна ў здымнай кватэры ў Менску.

«Я ведаю толькі, што ўчора адбылася сустрэча бацькоў Софʼі зь ёй, сустрэча адбылася ў рэстаране, пад аховай, таму што хатні арышт прадугледжвае наяўнасьць суправаджэньня», — паведаміў Гашынскі.

Напярэдадні ў телеграм-каналах распаўсюджваліся фота, на якіх былі людзі, падобныя на Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Аднак ці сустракаліся яны, адвакат адназначна не адказаў. «Ведаю, што на гэтай сустрэчы (з бацькамі) Соф’я была не адна. Больш нічога дадаць не магу», — сказаў Гашынскі

Адвакат дадаў, што на Сапегу накладзены шэраг абмежаваньняў, у тым ліку на зносіны з дапамогай асабістага кантакту, з дапамогай месэнджара і тэлефоннай сувязі. У будучыні яна можа сустрэцца са сваякамі толькі з дазволу сьледчых.

Гашынскі лічыць, што перавод Сапегі пад хатні арышт зьвязаны ў першую чаргу зь нядаўняй сустрэчай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Стан спраў Пратасевіча адвакат камэнтаваць ня стаў.