САЗ паведаміла, што індыйскі штам каранавірусу ўдвая больш заразны за звычайны

Вакцына супраць COVID-19

Варыянт каранавірусу «дэльта» (індыйскі штам) удвая больш заразны за зыходны штам, знойдзены ў кітайскім Ухані, заявіла галоўная навуковая супрацоўніца Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Сум’я Свамінатан.

Дэльта-варыянт упершыню быў выяўлены ў Індыі і цяпер распаўсюджваецца ў 85 краінах. Па словах Свамінатан, улічваючы хуткасьць распаўсюджваньня, ён можа стаць дамінантным штамам каранавірусу ў сьвеце.

Паводле яе ацэнкі, дэльта-штам прынамсі ўдвая лягчэй перадаецца ад хворага да здаровага, «чым першапачатковы вірус»: адзін чалавек можа заразіць ня двух чалавек, а да васьмі. Як адзначыла Свамінатан, з гэтай прычыны стала больш выпадкаў, калі на COVID-19 хварэе уся сям'я.

«Добрыя навіны ў тым, што большасьць вакцын, якія сёньня выкарыстоўваюцца ў сьвеце, эфэктыўныя прынамсі ў прадухіленьні цяжкай формы захворваньня», — сказала Свамінатан.

У канцы сакавіка ў Індыі выявілі новую разнавіднасьць каранавірусу з двайной мутацыяй. Гэты варыянт больш заразны, чым каранавірус SARS-CoV-2, упершыню выяўлены ў кітайскай правінцыі Ухань.