У Зарасайскім раёне Літвы памежнікі затрымалі яшчэ пяцёх мігрантаў без дакумэнтаў, якія папрасілі прыстанішча ў Літве. У сераду гэта была ўжо другая група іншаземцаў, затрыманых у гэтым раёне, паведамляе Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы.
Уцекачы назваліся грамадзянамі Іраку і папрасілі палітычнага прыстанішча ў Літве. Іх адправілі на ізаляцыю і праверылі на COVID-19. Перад тым літоўскія памежнікі затрымалі чатырох чалавек, якія назваліся чачэнцамі з Расеі і таксама папрасілі прытулку.
Агульная колькасьць мігрантаў, якія трапілі ў Літву, парушыўшы дзяржаўную мяжу Беларусі, перавысіла паўтысячы чалавек — цяпер іх 502 чалавекі. Гэтая лічба больш як у 6 разоў вышэйшая, чым была за 2020 год. Летась у Літве затрымалі 81 іншаземца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МУС Літвы зьвярнулася ў пракуратуру з нагоды незаконнага правозу людзей зь БеларусіСярод затрыманых сёлета на мяжы зь Беларусьсю найбольшая колькасьць называе сябе грамадзянамі Іраку — 323 чалавекі. Таксама затрыманыя 46 меркаваных грамадзян Ірану, 42 — Сырыі, 39 — Беларусі, 17 — Расеі, 11 — Турэччыны, 10 — Шры-Ланкі, 6 — Таджыкістану, 3 — Аўганістану, 2 — Емэну і Эгіпту і 1 грамадзянін Самалі.
Шэраг службовых асобаў Літвы, улічваючы прэзыдэнта Гітанаса Наўседу, міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса і міністарку ўнутраных справаў Агне Білатайце, абвінаваціў Лукашэнку ў наўмысным напаўненьні іх краіны мігрантамі. У Літве ўцекачоў зьмяшчаюць у адмысловы цэнтар, напярэдадні яны ўчынілі ў ім бунт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве мігранты ўчынілі бунт, памежнікі ўжылі сьлезацечны газ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Літвы: Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як зброю