У сераду вечарам у Цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у Падбродзьдзі (Pabradė) мігранты не падпарадкаваліся патрабаваньням памежнікаў і спрабавалі прарвацца да выхаду. Памежнікі ўжылі сьлезацечны газ і двойчы стрэлілі ў паветра, паведаміў Delfi.
Група мігрантаў у намётавым лягеры выказала незадаволенасьць іхным юрыдычным статусам і прызначанымі судом абмежаваньнямі, гаворыцца ў паведамленьні. Некалькі дзясяткаў чалавек паводзіліся агрэсіўна, шумелі, спрабавалі прарвацца да выхаду зь лягера, не падпарадкоўваліся памежнікам, якія заклікалі іх да парадку.
Каб суняць бунтаўнікоў, памежнікі ўжылі сьлезацечны газ і двойчы стрэлілі ў паветра гумовымі кулямі. Неўзабаве мігранты супакоіліся і вярнуліся ў намёты.
Інцыдэнт здарыўся пасьля затрыманьня на двое сутак дваіх іракцаў, якія няправільна пазначылі свае зьвесткі падчас афармленьня дакумэнтаў на статус уцекача. Гэта і выклікала абурэньне ў іх суайчыньнікаў, яны патрабавалі вызваліць затрыманых.
Дырэктар цэнтру заявіў, што «большасьць удзельнікаў бунту — грамадзяне Іраку». Цяпер там выяўляюць, ізалююць і апытваюць магчымых завадатараў бунту.
Прыкметы незадаволенасьці праявілі і мігранты, якія жывуць у інтэрнаце, але там сурʼёзных інцыдэнтаў не было, паведаміў Delfi.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзеце самі іх есьці і лавіць». Лукашэнка гадамі браў у Эўразьвязу дзясяткі мільёнаў эўра на ўзмацненьне мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Літве затрымалі 58 мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Гэта больш, чым за ўвесь 2019 год