Набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксей Алексін пасьля таго, як трапіў у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, прадаў свае асноўныя банкаўскія актывы, паведамляе Onliner.
Кампанія Stoneva Limited, што валодае менскімі будынкамі Galileo, Rubin Plaza і Silver Tower, купіла кіпрскую MTB investments holdings limited, якой належыць 99% МТБанку. Акрамя таго, кампанія купіла і беларускі Idea bank.
У Алексіна пакуль застаецца тытунёвы бізнэс, а таксама лягістычны, які часткова таксама падпаў пад санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыіУ сьнежні 2020 — студзені 2021 году, пасьля зьвестак пра магчымыя санкцыі, Алексін выйшаў са сьпісу ўласьнікаў «Синезис Стигма», якая, у сваю чаргу, пераназвалася ў «Стигма софт», як і іншыя даччыныя кампаніі Synesis. Тады ж Алексін перапісаў свае ключавыя актывы — кампаніі «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз» — на сыноў і жонку.
Раней доля Алексіна ў «Белнафтагазе» складала 60%. Менавіта гэтая кампанія была бэнэфіцыярным уладальнікам МТБанку, а будучы Нацыянальным апэратарам сыстэмы маніторынгу транзытных перавозак «БНГарант», была наўпрост зьвязаная зь «Синезис Стигма».
Алексін — не адзіны набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец, які спрабуе пазьбегнуць санкцый Эўразьвязу. Раней стала вядома, што ўладальнік Synesis Аляксандар Шатроў перапісаў свае акцыі на падначаленага, а каціроўкі кампаніі САФМАР расейскага прадпрымальніка Міхаіла Гуцэрыева рэзка ўпалі на біржы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя на санкцыі: уладальнік Synesis Шатроў перапісаў частку акцый на падначаленага, акцыі групы Гуцэрыева падаюць на біржы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу