Перакладчыцу Вольгу Калацкую дапыталі ў крымінальнай справе, яна зноў падазраваная

Вольга Калацкая пасьля выраку суду на волі. Менск, 24 сакавіка 2021

Сьледчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненьні справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай.

Перакладчыца Вольга Калацкая 25 чэрвеня выйшла з допыту, куды яе выклікалі гэтай раніцай. Яна застаецца на «хатняй хіміі», а таксама ў статусе падазраванай у новай крымінальнай справе. Пра гэта паведаміла яе калега Аляксандра Макавік.

Раней Сьледчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненьні справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. Пра гэта паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На гэты момант Вольга Калацкая адбывае пакараньне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».

24 красавіка ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка. Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэньні пабітаму аўтару СТВ і той ня меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, судзьдзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

З Калацкай узялі падпіску аб нявыезьдзе і вызвалілі ў судовай залі, бо да гэтага перакладчыца знаходзілася пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перакладчыцу Калацкую асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за 2 поўхі Азаронку. ФОТА

Паводле матэрыялаў справы, 15 лістапада мінулага году Вольга Калацкая двойчы выцяла па твары прапагандыста дзяржаўнай тэлевізіі Рыгора Азаронка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі падчас занятку. Што вядома пра справу перакладчыцы Вольгі Калацкай

Жанчыну затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Адвакату паведамілі, што яна праходзіць паводле крымінальнага артыкулу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Аднак празь некалькі дзён прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкула 339 (хуліганства). Не ўзялі пад увагу тое, што яе 90-гадовая маці патрабуе штодзённага догляду.

Перакладчыца патлумачыла свой учынак «эмацыйным станам» пасьля забойства актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі. Падчас судовага працэсу яна выказала жаль, што не змагла ўстрымацца, за што ўрэшце папрасіла ў Азаронка прабачэньня. Рыгор Азаронак казаў, што прэтэнзій да жанчыны ня мае, справу, зь яго слоў, распачаў Сьледчы камітэт.