Толькі траціна японцаў падтрымліваюць правядзеньне Алімпіяды

Алімпійскі стадыён у Токіё, 17 чэрвеня 2021

Большасьць насельніцтва Японіі выступае за адмену або перанос міжнародных спаборніцтваў.

Каля траціны японцаў падтрымліваюць правядзеньне Алімпійскіх гульняў, сьведчаць вынікі новага апытаньня.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Гэта больш за 14%, зафіксаваных у траўні, але большасьць па-ранейшаму аддае перавагу адмене ці пераносу спаборніцтваў з прычыны пандэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Лукашэнка пакінуць пасаду прэзыдэнта Алімпійскага камітэту

Вынікі апытаньня падобныя на вынікі іншых дасьледаваньняў, паводле якіх апазыцыя правядзеньню Алімпіяды ў Токіё трохі памякчэла за месяц да адкрыцьця Гульняў 23 ліпеня.

Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага газэтай «Асахі Сімбун», падтрымка Алімпіяды, адкладзенай з прычыны каранавірусу, вырасла да 34%.

Аднак 32% рэспандэнтаў па-ранейшаму выступаюць за адмену Гульняў, а 30% — за новы перанос. Месяц таму гэтыя паказьнікі складалі 43% і 40% адпаведна.

Арганізатары выключылі новы перанос спаборніцтваў, і першыя алімпійцы ўжо прыбылі ў Японію.