Ад 18 траўня рэдакцыйны сайт заблякаваны, а 15 супрацоўнікаў кампаніі затрыманыя паводле крымінальнай справы. Tut.by працягвае працаваць у сацсетках.
Рэдактары і кіраўнікі беларускіх незалежных агенцтваў і выданьняў падзяліліся, якую ролю партал адыграў на рынку мэдыя і што для незалежных газэт і навінавых сайтаў будзе азначаць прызнаньне яго экстрэмісцкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для чыноўнікаў незалежныя СМІ — асноўная крыніца інфармацыі». Гутарка з галоўнай рэдактаркай БелаПАН Ірынай ЛеўшынайTut.by — як кубак кавы па раніцах
Такія кампаніі заўсёды спрыяюць разьвіцьцю сваёй сфэры, таму што задаюць высокі ўзровень, да якога падцягваюцца астатнія, лічыць генэральная дырэктарка агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.
«Tut.by — ня проста кампанія і ня проста СМІ. Гэта нешта большае — як кубак кавы па раніцах, нешта з катэгорыі першай неабходнасьці. Як выказаўся адзін наш калега, „я кожную раніцу адчуваю фантомны боль, па звычцы спрабуючы зайсьці на Tut.by“. Я нават цяпер, празь месяц, аўтаматычна спрабую гэта зрабіць. Разгром Tut.by — яшчэ адзін паказьнік таго, наколькі ўлада перастала чуць і разумець грамадзтва. Але людзі ўсё роўна чытаюць навіны, толькі цяпер у Telegram. Я ўпэўнена, што партал адродзіцца. Урэшце, гэта калектыў, а ня проста назва. Калектыў зьбярэцца пры першай жа магчымасьці», — падсумавала Ірына Леўшына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»Партал ускладняў канкурэнцыю
Дзякуючы працы Tut.by, людзі пераключыліся на беларускі парадак дня і пачалі чытаць інфармацыю аб рэаліях і праблемах у сваёй краіне, а не ў Расеі, кажа галоўны рэдактар выданьня «Наша Нiва» Ягор Марціновіч.
«Унікальны выпадак, калі ў небагатай краіне, суседцы імпэрыі, выйграў нацыянальны прадукт, а не міжнародная карпарацыя. Унёсак Tut.by быў бы яшчэ большы, калі б партал актыўней забясьпечваў раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў... Тым ня меней, улада нагадвае: мы можам ня проста зьнішчыць, калі палічым мэтазгодным, а і паспрабуем сьцерці ўсю памяць. Але выдаліць усе спасылкі і артыкулы рэсурсу, які быў інфармацыйным манапалістам, — велізарная і бессэнсоўная праца. Такія спасылкі ёсьць і на сайтах дзяржСМІ, ведамстваў. Дый проста сотні тысяч чалавек рэпосьцілі інфармацыю. Прыцягваць іх да адказнасьці — шкодніцтва на дзяржаўным узроўні», — сказаў Ягор Марціновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая бабуля сядзела тут падчас нацысцкай акупацыі». Рэдактарка Tut.by Марына Золатава дала першае інтэрвію зь СІЗАПрактычна забарона на прафэсію
Tut.by быў і застаецца безумоўным лідэрам і ўзорам прафэсіяналізму на мэдыйным рынку Беларусі, кажа галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.
«Калі Tut.by прызнаюць экстрэмісцкім, гэта стане сыгналам, што сытуацыя з журналістыкай і свабодай слова ў краіне крытычная. Яна ў найноўшай гісторыі Беларусі заставалася складанай больш за чвэрць стагодзьдзя. Але тое, што адбываецца апошнім часам, жахліва. Практычна забарона на прафэсію: туды не хадзі, гэта не здымай, пра гэта не пішы. Рызыкі вельмі высокія. Гэта закране і звычайных грамадзян, якія калісьці разьмясьцілі на сваіх старонках інфармацыю, зьвязаную з Tut.by. Зыходзячы зь дзікай хады сёньняшніх падзеяў, можна пайсьці ў заклад: ці ўбачаць тыя, хто яшчэ будзе заставацца на волі, вогнішчы з падшывак газэт са згадваньнем Tut.by і фота зь бел-чырвона-белымі сьцягамі», — сумна іранізуе Віктар Марчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай КолбГалоўнае — нашы чытачы і салідарнасьць
Шмат гадоў кожны ранак пачынаўся з прагляду Tut.by, і цяпер гэтага вельмі не хапае, кажа галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб.
«Па вялікім рахунку, ня мае асаблівага значэньня — прызнаюць ці не прызнаюць партал экстрэмісцкім. Бо існаваньне ўсёй гэтай сыстэмы, якая спрабуе забіць усё жывое і годнае, — таксама пытаньне часу і магчымасьцяў. Сёньня куды ні кінь вокам, паўсюль „экстрэмізм“, бо гэтым тэрмінам зараз узнагароджваюць усіх, хто нязгодны і хто здольны думаць. Таму, што б ні прыдумлялі тыя, хто лічыць сябе ўладай, як бы ні стараліся прыдушыць вольнае слова, нічога ў іх не атрымаецца. Бо галоўнае, што ў нас ёсьць, — чытачы і салідарнасьць», — кажа Аксана Колб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вымушаныя звольніць фактычна ўсіх». Гутарка з адным з уласьнікаў Tut.by