Вядомага беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча ўганаравалі прэстыжнай нямецкай прэміяй Erwin Piscator Preis за раманы «Сарока на шыбеніцы» і «Сабакі Эўропы», а таксама за эсэістыку. Пра гэта сам пісьменьнік паведаміў у фэйсбуку.
Урачыстая цырымонія ўручэньня прэміі пройдзе ў Мюнхэне 31 жніўня. Раней прэмію традыцыйна ўручалі ў Нью-Ёрку, але праз пандэмію гэтае правіла зьмянілі.
Як адзначаецца ў паведамленьні арганізатараў, раманы і эсэ Бахарэвіча нагадваюць эўрапейцам, што «ня трэба адварочвацца, калі пануе аўтарытарызм».
«Раман „Сабакі Эўропы“, пастаўлены беларускім Свабодным тэатрам, паказвае псыхалягічныя і сацыяльныя глыбіні антыўтапічнай звышдзяржавы. Раман „Сарока на шыбеніцы“ паказвае чытачам, як хутка кожны з нас можа страціць нявіннасьць і зрабіцца дабраахвотным супрацоўнікам дзяржаўнай машыны тэрору», — напісалі арганізатары прэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча выйшлі адразу ў электронным варыянце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова сталі пераможцамі нямецкай прэміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлану Алексіевіч узнагародзілі адным з найвышэйшых ордэнаў Нямеччыны