Беларуская калійная кампанія заявіла, што санкцыі ЭЗ «падарвуць асновы міжнароднай харчовай бясьпекі»

«Беларуськалій»

Па словах прэс-службы БКК, санкцыі супраць беларускіх калійных угнаеньняў прывядуць да вострага дэфіцыту на сусьветным рынку і павышэньня цэнаў на прадукты.

Магчымае ўвядзеньне Эўразьвязам сэктаральных санкцый у дачыненьні беларускіх калійных угнаеньняў прывядзе да дэфіцыту хлёркалію на глябальным рынку і росту сусьветных цэнаў на харчы, заявілі «Інтэрфаксу» ў «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК).

Там адзначылі, што на долю беларускага калію прыпадае больш за 20% сусьветнага экспарту. Абмежаваньне такога значнага аб’ёму паставак прывядзе да рэзкага росту цэнаў на гэты від угнаеньняў, а як наступства вырастуць цэны на прадукты харчаваньня ва ўсім сьвеце, лічаць у прэс-службе БКК.

«Штучнае стварэньне рэзкага дэфіцыту калію на рынку падарве асновы міжнароднай харчовай бясьпекі, гарантавана запаволіць працэс разьвіцьця сусьветнай сельскай гаспадаркі і нанясе сур’ёзную шкоду мільярдам звычайных людзей па ўсім сьвеце», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі, якія могуць стаць штуршком для зьменаў

У прэс-службе таксама нагадалі, што, паводле прагнозу IFA (Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў мінэральных угнаеньняў), дэфіцыт калію на глябальным рынку захаваецца да 2050 году.

У БКК таксама заявілі, што «абсалютная большасьць краін ня мае ўласных запасаў калію, і абмежаваньне яго паставак прывядзе да зьніжэньня ці нават спыненьня ўнясеньня яго ў глебу ў найбольш адчувальных рэгіёнах сьвету».

Эўразьвяз у рамках санкцый мае намер забараніць транзыт і імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі. Пакет санкцый ахоплівае сем сэктароў эканомікі, у ліку якіх і гандаль беларускімі ўгнаеньнямі. Рашэньне чакаецца 24 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Расея ня зможа абараніць Беларусь ад наступстваў санкцый пры ўсім жаданьні»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу