Ініцыятыва ByPol атрымала інфармацыю са сваіх крыніц пра скарачэньні ў шэрагах міліцыі, што адбудуцца неўзабаве. Прычым іх плянуецца правесьці, нягледзячы на недахоп работнікаў, які стаў яшчэ мацней праяўляцца пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 году і разгону пратэстаў.
На сваім тэлеграм-канале ініцыятыва адзначае, што МУС неўзабаве падвядзе вынікі працы ў першае паўгодзьдзе 2021 году. Размова там, паводле ByPol, пойдзе пра «недакамплект асабістага складу ў органах унутраных спраў і шляхі вырашэньня дадзенага кадравага пытаньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іх мэтады нагадваюць 1937 год». Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу пра тое, як сілавікі маглі атрымаць «прызнаньні» ПратасевічаНа гэты момант у міліцыі ён складае 18,4%. Да жніўня 2020 году гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 9%. Па сутнасьці, цяпер у міліцыі не хапае кожнага пятага супрацоўніка, падкрэсьлівае ByPol.
«Прычым гаворка ідзе менавіта пра міліцыянтаў, якія працуюць „на зямлі“, а не пра кіраўнікоў, вакансіі на пасады якіх і сёньня „закрываюцца“ досыць апэратыўна».
Кіраўніцтва МУС, паводле папярэдняй інфармацыі, сабралася скарачаць вакантныя пасады. На думку спэцыялістаў ByPol, якія самі да сфальсыфікаваных выбараў працавалі ў органах унутраных спраў, нагрузка застанецца як мінімум ранейшай, а аплата працы за сумяшчэньне пасад істотна скароціцца, бо надбаўкі прыбяруць. Таксама, згодна з прадстаўленай інфармацыяй, татальныя скарачэньні плянуюцца ў ідэалягічнай службе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выжываць пад ціскам і не нарабіць сабе бяды? Парады псыхоляга-суіцыдолягаШто такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».