Міністэрства юстыцыі распачало маніторынг дзейнасьці недзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў». У лісьце, які прыйшоў на адрас арганізацыі 21 чэрвеня, ідзе гаворка пра прадстаўленьне тысяч дакумэнтаў за пэрыяд з 1 студзеня 2018 году і па сёньняшні, паведамляе БАЖ.
Сярод дакумэнтаў, якія прапануецца прадставіць у Міністэрства юстыцыі:
- сьпісы сябраў журналісцкага аб’яднаньня,
- заявы на ўступленьне ў БАЖ,
- пратаколы пасяджэньняў выбарных органаў,
- усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час,
- уся фінансавая дакумэнтацыя
- і многае іншае.
Беларуская асацыяцыя журналістаў — добраахвотнае недзяржаўнае аб’яднаньне тых, хто займаецца журналістыкай ці садзейнічае яе разьвіцьцю. Арганізацыя дзейнічае ад 1995 году.На пачатак 2021 году ў асацыяцыі было больш за 1200 сябраў, яна мае пяць філій. Арганізацыя існуе на складкі сяброў і ахвяраваньні. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (IFJ).
«БАЖ многія гады дапамагае калегам абараняць свае прафэсійныя правы, вядзе маніторынг сытуацыі ў галіне мэдыя. Мы падкрэсьліваем, што і далей маем намер працаваць выключна ў прававым полі», — гаворыцца ў заяве аб’яднаньня з нагоды раптоўнай праверкі Мінюсту.
11 чэрвеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі пачало падрабязную праверку дакумэнтаў беларускага ПЭН-цэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мін'юст праводзіць падрабязную праверку дакумэнтаў беларускага ПЭН-цэнтру