ЗША абвясьцілі пра падрыхтаваную дапамогу на выпадак, калі Расея нападзе на Ўкраіну

Прэсавая прадстаўніца адміністрацыі ЗША Джэн Псакі

Злучаныя Штаты падрыхтавалі экстраную вайсковую дапамогу на выпадак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, заявіла 18 чэрвеня прадстаўніца Белага дому Джэн Псакі.

Псакі назвала «лухтой» нядаўнія паведамленьні ў амэрыканскай прэсе пра тое, што ЗША прыпынілі вайсковую дапамогу Ўкраіне. Выданьні Politico і The Washington Post паведамілі на гэтым тыдні, што адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна адклала пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне (у якім была і зброя) на дзясяткі мільёнаў даляраў.

Гэты пакет нібыта быў падрыхтаваны ў сувязі з нарошчваньнем Расеяй вайсковай прысутнасьці калі ўкраінскіх межаў і на тэрыторыі анэксаванага Крыму ўвесну. Паводле амэрыканскіх мэдыя, ЗША часова прыпынілі гэтую прапанову, калі Расея паабяцала ў красавіку скараціць вайсковую прысутнасьць у памежных рэгіёнах, дзе былі разьмешчаныя каля 100 тысяч вайскоўцаў.

Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі ЗША і Ўкраіны кажуць, што Расея пакінула вайсковую тэхніку і абсталяваньне, якія могуць быць скарыстаныя для хуткай мабілізацыі ў выпадку эскаляцыі канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо ў руках Расеі, і гэта ягоны выбар. Інтэрвію з былым спэцпрадстаўніком ЗША па Ўкраіне

Ад 2014 году ЗША аказалі дапамогу Ўкраіне ў сфэры бясьпекі на больш чым $2.5 мільярда.

«Ідэя, што мы прыпынілі дапамогу Ўкраіне ў сфэры бясьпекі гэта лухта. Толькі на мінулым тыдні — напярэдадні саміту ЗША і Расе — мы забясьпечылі пакет дапамогі ў сфэры бясьпекі на $150 мільёнаў, у тым летальную дапамогу [зброю, акрамя абарончай амуніцыі], — гаворыцца ў заяве Псакі. — Мы таксама падрыхтавалі рэзэрвовыя сродкі на выпадак далейшага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пефціеў наняў лабістаў у ЗША