Курт Волкер падчас міжнароднай канфэрэнцыі GLOBSEC у Браціславе расказаў Радыё Свабода, як памянялася ўспрыняцьце Лукашэнкі за апошні год і якім мае быць пасланьне ЗША Пуціну пра Беларусь.
Хто такі Волкер?
Курт Волкер — амэрыканскі дыплямат, сталы прадстаўнік ЗША ў NATO (2008-2009). Дырэктар Інстытуту Маккейна ў Арызоне (2011-2019). Спэцыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаньнях Украіны (2017-2019).
«Пуцін хацеў паказаць, што можа пачаць наступ у любы час»
— За больш як два гады вашай працы спэцпрадстаўніком ЗША ў пытаньнях Украіны ці былі моманты, калі вы бачылі, што Расея гатовая да эскаляцыі канфлікту, да маштабнага ўвядзеньня войскаў на ўкраінскую тэрыторыю?
— Былі два пэрыяды, калі мы сапраўды лічылі, што яны гатовыя да эскаляцыі. Я цяпер не назаву канкрэтных датаў, але адзін з гэтых пэрыядаў быў перад тым, як Пуцін арганізоўваў сваё перавыбраньне ў Расеі. А другі выпадак быў, калі абмяркоўвалася магчымасьць, што Расея можа захапіць вадаёмы, зь якіх забясьпечваецца вадой Крым. Тады крыху рабіліся крокі ў гэтым кірунку.
Гэтыя два выпадкі былі ў час, калі я быў спэцпрадстаўніком ЗША. Але падзеі, за якімі мы назіралі ў красавіку сёлета, былі нашмат больш значныя, чым усё, што адбылося падчас маёй працы спэцпрадстаўніком. Маштаб канцэнтрацыі расейскіх вайсковых рэсурсаў як на тэрыторыі Ўкраіны, так і вакол яе, быў большы, чым мы назіралі раней. І значная частка тэхнікі і войскаў, якія былі туды перакінутыя, дагэтуль застаюцца там.
— На вашую думку, гэта быў блеф з боку Расеі, ці Масква была гатовая да ваеннай апэрацыі, калі б пабачыла слабасьць з боку Захаду?
— Я думаю, што гэта была дэманстрацыя магчымасьцяў. Пуцін хацеў паказаць Захаду, Злучаным Штатам, а таксама ўкраінцам, што, калі ён захоча, ён можа пачаць наступ у любы час. Што ён мае для гэтага сродкі, лягістыку, дастатковую колькасьць войскаў, і таму ён здольны гэта зрабіць. І гэта сыгнал, які трэба ўспрымаць сур’ёзна — ягоную рашучасьць ва Ўкраіне.
Думаю, што ён хацеў паглядзець, якая будзе рэакцыя ад ЗША і ад іншых, ад украінцаў. Але ня думаю, што ён меў намер пачаць уварваньне гэтым разам.
«Лукашэнка бачыць, што ягоная здольнасьць заставацца ва ўладзе цалкам залежыць ад волі Расеі»
— Як падчас вашай працы ва Ўкраіне прадстаўнікі ўкраінскай улады разглядалі Беларусь? Як нэўтральную дзяржаву ці як краіну, дзе ва ўладзе расейская марыянэтка? І ці бачылі яны патэнцыйную ваенную пагрозу зь беларускай тэрыторыі?
— Ня думаю, што ў той час яны так разважалі і ўжылі б словы «марыянэтка Расеі». Варта памятаць, што мы размаўляем пра 2017-2019 гады. Яны разглядалі Беларусь як аўтарытарную дзяржаву, але як аўтарытарную дзяржаву Лукашэнкі. І я думаю, яны цэняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Бо гэта таксама ўзмацняе важнасьць украінскай незалежнасьці і сувэрэнітэту.
Украінцы ведаюць, што такое Расея, што такое расейская акупацыя Данбасу і Крыму, і яны ведалі Лукашэнку як дыктатара ў сваёй уласнай краіне. І каб ён стаў ваеннай пагрозай для Ўкраіны, гэта было б нешта іншае, адрознае ад расейскай ваеннай пагрозы.
— Як, на вашую думку, гэта зьмянілася за апошні год? Да прыкладу, нядаўна Лукашэнка заявіў пра дазвол на авіярэйсы ў Крым, а таксама пра дазвол на сьледчыя дзеяньні з палітзьняволеным Раманам Пратасевічам з боку прадстаўнікоў так званай «ЛНР».
— Лукашэнка прыняў рашэньне, што ён задушыць пратэсты пасьля выбараў жорстка і бязьлітасна, каб застацца ва ўладзе. Але ў яго не атрымалася, і яму давялося прасіць падтрымкі Расеі. Расея дала падтрымку, але ўзамен на кантроль над некаторымі рэчамі — мэдыя, памежнай службай, спэцпадразьдзяленьнямі міліцыі.
Цяпер Лукашэнка бачыць, што ягоная здольнасьць заставацца ва ўладзе — а гэта тое, што для яго важна, — цалкам залежыць ад волі Расеі. І ён цяпер вымушаны быць у статусе падначаленага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы прэзыдэнт Украіны назваў ключавую ўмову працягу перамоваў у Менску— Ці разглядаеце вы Беларусь як магчымую плятформу для будучых ваенных пагроз з боку Расеі супраць Украіны?
— Так, гэта магчыма, але ня думаю, што гэта цяпер на парадку дня. І ня думаю, што для гэтага абавязковае паглынаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю ці нейкую канфэдэрацыю. Пуцін можа гэта зрабіць і пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, праз кантроль над службамі бясьпекі. Ня думаю, што гэта адбываецца цяпер, але гэта безумоўна можа адбыцца.
«Беларусь больш не прымае незалежных рашэньняў»
— Шмат гадоў некаторыя заходнія аналітыкі выказвалі засьцярогі, што Захаду ня варта занадта ціснуць на Лукашэнку, бо гэта падштурхне Беларусь у рукі Расеі. Ці гэта дагэтуль застаецца прымальным аргумэнтам у нейкай ступені?
— Я думаю, што Лукашэнка ўжо там [у руках Расеі]. І я ня думаю, што гэта выклікана заходнімі палітычнымі рашэньнямі. Гэта выклікана інтарэсамі Пуціна прыцягнуць Беларусь да Расеі і тымі рашэньнямі, якія прымаў Лукашэнка. Менавіта выбар, які зрабіў Лукашэнка, паставіў Беларусь у такое становішча. Ня думаю, што мы падштурхоўваем яго далей — ён ужо там.
Захад мае двайны інтарэс — з аднаго боку, сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, але таксама свабода, дэмакратыя, павага да людзей і права беларускага народу выбіраць уласных лідэраў. Ня думаю, што гэтыя інтарэсы цяпер канфліктуюць, нават калі такі канфлікт існаваў некалі ў мінулым. Я лічу, што мы можам падтрымліваць усё гэта цалкам.
І ключ да гэтага, як казалі некаторыя беларускія ўдзельнікі канфэрэнцыі GLOBSEC, знаходзіцца ў Маскве. Падтрымка дэмакратыі ў Беларусі і падтрымка незалежнасьці Беларусі мусяць быць часткай нашай палітыкі ў стасунках з Пуціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба браць пад прыцэл грошы». Ініцыятар «Закону Магніцкага» пра санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі— Некаторыя аналітыкі кажуць, што пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Беларусі санкцыі трэба ўводзіць ня столькі супраць беларускіх прадпрыемстваў і асобаў, але супраць тых у Расеі, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Наколькі вы падзяляеце такую думку?
— Я думаю, што абодва падыходы абгрунтаваныя. Ужо ўведзены шэраг санкцыяў датычна рэжыму ў Беларусі, і мне здаецца, што намер Эўразьвязу і ЗША — скіроўваць іх супраць тых, хто блізкі да Лукашэнкі і хто адыгрывае важную ролю ў падтрымцы ягонага рэжыму. Тут няма намеру пакараць беларускі народ і агулам пакараць беларускі бізнэс.
Што тычыцца Расеі, дык я сапраўды лічу, што ёсьць падставы для санкцыяў за яе ролю ў прымусовай пасадцы гэтага самалёта. Я лічу, што Беларусь больш не прымае незалежных рашэньняў, калі паглядзець на ўзровень кантролю, які мае Расея. Таму я лічу, што мы таксама маем браць гэта пад увагу.
— На вашую думку, якім мусіць быць пасланьне ЗША для Пуціна пра Беларусь?
— Што мы не пацярпім гвалтоўнага паглынаньня Беларусі Расеяй і што беларускі народ мае права вырашаць пытаньне пра сваё кіраўніцтва і пра сваю будучыню. І што мы спадзяёмся, што Пуцін гэта падтрымае.
У мяне няма ілюзій, што Пуцін на гэта пагодзіцца. Але важна, каб нашая пазыцыя была вельмі яснай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пефціеў наняў лабістаў у ЗША