Вось што расказаў Дзяніс Дудзінскі:
— Сытуацыя ў Беларусі настолькі дзікая, што людзі ў іншых краінах проста ня могуць уявіць, што гэта сапраўды так. Ты расказваеш украінцам банальныя, элемэнтарныя рэчы, якія зафіксаваныя ў інтэрнэце, расказваеш пра прынятыя законы, а ў адказ — «гэтага ня можа быць, таму што ня можа быць, вы, напэўна, перабольшваеце крыху». І гэта я гавару пра ўкраінцаў, якія ўспрымаюць нашыя мовы, якія побач і цікавяцца нашымі навінамі.
Мне перад ад’ездам пазваніў Сяргей Саседаў, якога запрашалі на беларускі X-Factor у якасьці выкладчыка, сябра журы. Мы зь ім са «Славянскага базару» даўно маем зносіны. Ён кажа: «Дзяніс, калі я даў сваю згоду на працу ў X-Factor Belarus, я ведаў, што ў вас там нешта адбываецца. Думаў, арыштавалі там пару дзясяткаў найбольш заўзятых, ну, магчыма, яны самі і вінаватыя. Але мне ў Інстаграм у камэнтарах ад беларусаў прыляцела столькі нядобрага, што я хуценька пачаў больш глыбока вывучаць гэтае пытаньне і зразумеў, што ў вас сапраўды нешта дрэннае адбываецца».
Я кажу: «Сяргей, тут ня тое што дрэннае адбываецца. Я табе спасылкі магу даслаць, расказаць». «Канечне, Дзёнечка, патлумач усім, я таксама напішу, што я ня буду ўдзельнічаць у X-Factor Belarus. Я ж ня ведаў, што гэта ў вас настолькі». Граматныя, інтэлігентныя, інтэлектуальна разьвітыя людзі і ў Расеі, і ва Ўкраіне бачаць нашу сытуацыю зусім інакш...
- Настаўнікамі ў праекце X-Factor Belarus павінны былі стаць сьпявак і кампазытар Руслан Аляхно, хіп-хоп выканаўца Сяргей Пархоменка, вядомы пад сцэнічным псэўданімам «Сярога», і расейская сьпявачка Вольга Бузава.
Тэлевядоўца, шоўмэн, сьпявак, актор Дзяніс Дудзінскі, які летась выказаўся супраць гвалту сілавікоў, прайшоў праз турму на Акрэсьціна і нядаўна празь перасьлед уладаў быў вымушаны разам з жонкай Кацярынай Раецкай зьехаць ва Ўкраіну.
Глядзіце цалкам відэаінтэрвію зь ім.