На сайце Эўрапейскай службы зьнешніх сувязяў, якая выконвае функцыі Міністэрства замежных спраў на ўзроўні Эўразьвязу, зьявілася заява ў справе магчымага выкананьня сьмяротнага прысуду ў Беларусі.
«Эўрапейскі Зьвяз даведаўся, дзякуючы інфармацыі вартай даверу праваабарончай арганізацыі „Вясна“, што сваяку Віктара Паўлава, зьняволенага ў Беларусі і асуджанага на сьмяротнае пакараньне, нядаўна было адмоўлена ў інфармацыі аб яго месцазнаходжаньні. Адмова ў апэратыўнай інфармацыі сваякам раней сьведчыла пра таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам у Беларусі, адзінай эўрапейскай краіне, якая ўсё яшчэ выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны вырак за забойства пэнсіянэраўСакрэтнасьць у крымінальна-выканаўчай сыстэме ў Беларусі павінна спыніцца, і Эўрапейскі Зьвяз нагадвае пра сваё неадменнае пярэчаньне ўжываньню найвышэйшай меры пры любых абставінах. Сьмяротнае пакараньне — жорсткае і бесчалавечнае пакараньне, якое ня дзейнічае як стрымліваючы фактар злачынства і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці», — сказана ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка30 ліпеня 2019 году судовая калегія ў крымінальных справах Віцебскага абласнога суду вынесла сьмяротны прысуд жыхару Віцебскага раёну Віктару Паўлаву.
50-гадовы жыхар Віцебшчыны Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым ва ўчыненьні жорсткіх забойстваў дзьвюх асобаў, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане (інваліды 2-й групы), і быў асуджаны на найвышэйшую меру пакараньня — расстрэл.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).