«еЗдоровье» стварае незалежныя працоўныя месцы для лекараў і прапануе якасную мэдычную дапамогу пацыентам. З дапамогай сэрвісу чалавек зь любога пункту сьвету можа атрымаць бясьпечную і ананімную кансультацыю прафэсіянала, а таксама па жаданьні зрабіць ахвяраваньне і дапамагчы лекарам Беларусі, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.
Праект створаны камандамі плятформы «Голас» і Фонду мэдыцынскай салідарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty Intеrnational заявіла пра масавыя рэпрэсіі супраць мэдыкаў у БеларусіЯк працуе сэрвіс?
- Трэба выбраць лекара і час кансультацыі;
- Пасьля заяўкі зьявіцца спасылка-запрашэньне на чат зь лекарам;
- Пасьля размовы лекар прышле заключэньне і рэкамэндацыі;
- У канцы кансультацыі прыйдзе спасылка, па якой можна зрабіць ахвяраваньне ў фонд мэдыцынскай салідарнасьці.
Фінансава дапамагчы лекарам можна і без онлайн-кансультацыі. Інфармацыя пра пацыентаў зашыфраваная і надзейна абароненая, плятформа не зьбірае пэрсанальных зьвестак, таму нават распрацоўнікі ня могуць ідэнтыфікаваць пацыента.
Цяпер на плятформе можна атрымаць кансультацыі:
- тэрапэўта;
- пэдыятра;
- гастраэнтэроляга;
- афтальмоляга;
- гінэколяга;
- псыхіятра;
- псыхоляга;
- анэстэзіёляга;
- алерголяга;
- эндакрыноляга;
- траўматоляга-артапэда;
- пэдыятра-кардыёляга.
Пералік спэцыяльнасьцяў пашыраецца, усе лекары ідэнтыфікаваныя. Кожны спэцыяліст дае мэдыцынскія дыплёмы і іншыя дакумэнты, якія сьведчаць кваліфікацыю. Праверкай спэцыялістаў займаецца Фонд мэдыцынскай салідарнасьці.
Са жніўня 2020 году праз палітычную сытуацыю звыш 5000 мэдычных работнікаў звольнілі з працы за выказваньне палітычнай і грамадзянскай пазыцыі, выступленьні за новыя справядлівыя выбары і супраць узурпацыі ўлады. Правядзеньне онлайн-кансультацый дазволіць прафэсіяналам несьці карысьць людзям і атрымліваць ад іх дапамогу, інфармуе плятформа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас выціснулі з прафэсіі». Звольнены зь дзьвюх клінік доктар Айзатулін пра тое, што адбываецца ў мэдыцыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта годны выклік». Як пацярпелыя ад рэпрэсій беларускія мэдыкі ўладкоўваюцца ў Чэхіі