Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ адну групу нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі

Нелегальныя мігранты, архіўнае фота

У Ігналінскім раёне Літвы памежнікі затрымалі шэсьць грамадзянаў Іраку. Дваіх спынілі супрацоўнікі віленскай памежнай групы ў вёсцы Трычуны (Трычунай), яшчэ траіх, зь непаўналетнім, затрымалі з боку вёскі Сяканы (Секаняй).

Затрыманых пратэстуюць на наяўнасьць COVID-19, яны будуць ізаляваныя да атрыманьня вынікаў, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Літвы: Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як зброю

Ад пачатку году амаль 400 нелегальных мігрантаў спрабавалі пранікнуць у краіну з боку Беларусі. Абсалютная большасьць — грамадзяне Іраку. Гэта лічба ў пяць разоў вышэйшая, чым летась.

Для параўнаньня, у 2020 годзе літоўскія памежнікі спынілі 81 іншаземца, у 2019-м — 46. Афіцыйная Вільня неаднаразова заўляла, што ўлады Беларусі наўмысна адмаўляюцца лавіць нелегалаў. Ускосна гэта пацьвердзіў і Лукашэнка, які ў адказ на эўрапейскія санкцыі заявіў, што «няхай Захад сам цяпер есьць наркотыкі і ловіць мігрантаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МУС Літвы зьвярнулася ў пракуратуру з нагоды незаконнага правозу людзей зь Беларусі

У сувязі з рэзкім павелічэньнем колькасьці нелегальных мігрантаў улады Літвы ўзмацнілі захады бясьпекі. На беларускі ўчастак мяжы накіравалі памежнікаў зь іншых падразьдзяленьняў і выдзелілі дадатковыя тэхнічныя рэсурсы. На дапамогу памежнікам таксама прыйшлі сілы Службы грамадзкай бясьпекі, Саюзу стралкоў ды супрацоўнікі іншых установаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва зьбіраецца адгарадзіцца ад Беларусі плотам