Кітай адправіў трох астранаўтаў на ўласную арбітальную станцыю

Старт ракеты Long March-2F Y12, 17 чэрвеня 2021

Тры тайканаўты будуць цягам трох месяцаў працаваць на кітайскай арбітальнай станцыі «Нябесны палац», рыхтуючы яе да ўводу ў эксплюатацыю, інфармуе DW.

У пустыні Гобі на паўночным захадзе Кітаю ў чацьвер, 17 чэрвеня, пасьпяхова прайшоў запуск ракеты тыпу Long March-2F Y12, якая даставіць пілятаваны касьмічны карабель «Шэньчжоў-12» з трыма тайканаўтамі на борце да арбітальнай станцыі КНР пад назвай Tiangong ( «Нябесны палац»), якая цяпер будуецца. Карабель выйшаў на зададзеную арбіту, паведаміла Кітайская праграма пілятаваных палётаў. Гэта першая такая місія Кітаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай запусьціў у космас асноўны модуль новай арбітальнай станцыі

Цягам трох месяцаў тайканаўты будуць ўладкоўваць арбітальную станцыю і рыхтаваць яе да паўнавартаснага ўводу ў эксплюатацыю. Чакаецца, што за гэты час экіпаж, акрамя іншага, зробіць некалькі выхадаў у адкрыты космас, а таксама правядзе ўстаноўку і тэхнічнае абслугоўваньне абсталяваньня з дапамогай рукі-робата. Да поўнага завяршэньня будаўніцтва станцыі Кітай плянуе правесьці яшчэ 11 падобных місій на працягу году.

Касьмічная праграма Кітаю

Паводле плянаў Пэкіну касьмічная станцыя «Нябесны палац» будзе эксплюатавацца як мінімум 10 гадоў.

Гэтая місія — першы пілятаваны касьмічны палёт Кітаю за апошнія пяць гадоў. Яна стартавала незадоўга да стагадовага юбілею Камуністычнай партыі Кітаю, які ў краіне будуць адзначаць 1 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай упершыню пасадзіў касьмічны апарат на Марс

За апошнія гады КНР уклала мільярды ў разьвіцьцё сваёй касьмічнай праграмы. У сьнежні 2020 году кітайскі зонд «Чан’э-5» даставіў на Зямлю каля двух кіляграмаў месяцовага грунту, а ў траўні 2021 году Кітай упершыню пасьпяхова даставіў зонд на паверхню Марса. У цяперашні час ён дасьледуе геалягічны склад Чырвонай плянэты, праводзіць хімічны аналіз саставу яе грунту і вядзе пошук біямалекул і біясыгнатур.