Міністэрства замежных спраў Аўстрыі выступіла з адмысловай заявай пра брыфінг МЗС Беларусі 14 чэрвеня. Тады ў Нацыянальным прэс-цэнтры прысутнічаў і затрыманы на прымусова пасаджаным у Менску самалёце палітвязень Раман Пратасевіч.
У сваёй заяве аўстрыйскае ведамства выказалася аб «недапушчальнасьці і абсурднасьці» параўнаньня сытуацый паміж беларускім сьледзтвам супраць праціўнікаў Лукашэнкі і 14-гадовага зьняволеньня Монікі Унгер за «падбухторваньне да дзяржаўнай здрады».
«Правядзеньне параўнаньня паміж антыдэмакратычным і бесчалавечным абыходжаньнем беларускага рэжыму з заступніцай беларускай грамадзянскай супольнасьці і прысудам аўстрыйскага суду першай інстанцыі супраць абвешчанай падбухторшчыцы да дзяржаўнай здрады ня можа быць пераўзыдзена ў абсурдзе і адхiляецца ў самай рэзкай форме.
Спроба апраўдаць уласныя сумнеўныя дзяржаўна-палітычныя дзеяньні параўнаньнем, якое моцна кульгае, лёгка распазнаецца і ў канчатковым выніку будзе беспасьпяховай», — адзначыла МЗС Аўстрыі ў сваёй заяве.
Моніка Унгер, на справу якой намякалі падчас брыфінгу, абвяшчала сябе прэзыдэнткай неіснуючай дзяржавы «Фэдэрацыя Аўстрыі». Сябры яе арганізацыі атрымалі пашпарты, у тым ліку дыпляматычныя, аўтамабільныя нумары неіснуючай дзяржавы, ліцэнзіі на камэрцыйную дзейнасьць, запісы ў рэестры аб уласнасьці і зьбіралі грошы на ваенны пераварот. Сама Унгер зьвярталася да прэзыдэнта Расеі Пуціна па вайсковую дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Латвіі параўнаў «пастановачную прэс-канфэрэнцыю з удзелам Пратасевіча» са сталіншчынай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Допыт на вачах у мільёнаў беларусаў — нізасьць і злачынства». Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай, пра Рамана Пратасевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Пратасевіч зьявіўся на брыфінгу МЗС. Чаму Свабода не цытуе ягоныя словы