Як піша Рыкард Юзьвяк у твітэры, у сераду, 16 чэрвеня амбасадары ЭЗ «дадуць зялёнае сьвятло на замарожваньне актываў і забарону выдаваць візы для 78 фізычных і сямі юрыдычных асобаў у сувязі з інцыдэнтам з Ryanair і рэпрэсіямі ў Беларусі. Яшчэ адну арганізацыю ўпішуць у «чорны сьпіс» у бліжэйшыя дні».
У кастрычніку, лістападзе і сьнежні Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе ЭЗ цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў:
- ЗАТ «Белтэхэкспарт»
- «Дана Холдынгз/Дана Астра»
- Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі
- ТАА «Сінэзіс»
- ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод»
- ААТ «140-ы рамонтны завод»
- ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
3 чэрвеня ЗША размарозілі санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.
ЗША і Эўразьвяз маюць скансалідаваную пазыцыю адносна Беларусі. На гэтым тыдні лідэры Эўразьвязу і ЗША прынялі сумесны дакумэнт. У дакумэнце адзначаецца, што кіраўніцтва Беларусі павінна панесьці адказнасьць за парушэньне правоў чалавека, а таксама за інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба браць пад прыцэл грошы». Ініцыятар «Закону Магніцкага» пра санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі