Тэрмін утрыманьня пад вартай журналіста і мэдыямэнэджэра Андрэя Аляксандрава падоўжаны яшчэ на месяц — да 12 ліпеня, паведаміў БелаПАН яго адвакат Антон Гашынскі.
Аляксандрава і яго дзяўчыну, грамадзкую актывістку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расьсьледаваньня справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе БелаПАН, дзе ў 2014-2018 гадах ён працаваў намесьнікам дырэктара.
Пасьля затрыманьня Аляксандрава і Злобінай намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заяўляў, што з 22 жніўня па 9 лістапада 2020 году затрыманыя аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грошы для гэтых мэтаў прадастаўляў фонд By_help. Неўзабаве падазраванымі ў справе сталі сузаснавальнікі дадзенага фонду Аляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак, якія знаходзяцца за мяжой.
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч лічыць прад’яўленае Аляксандраву і Злобінай абвінавачаньне недарэчным і зьвязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасьцю.
У менскім СІЗА № 1 Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасьці «асобаў, схільных да экстрэмізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты